«Амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах» — Франак Вячорка

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра вынікі стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, які праходзіў 6-7 снежня ў Вашынгтоне, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

08.12.2023 / 19:09

Франак Вячорка. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай

Паводле слоў Вячоркі, правядзенне стратэгічнага дыялога прыпала на не вельмі спрыяльны для беларускага пытання час, бо акурат цяпер разгарэўся ўнутраны крызіс у Кангрэсе ЗША, да таго ж шмат увагі адцягнула вайна Ізраіля і ХАМАСа. Таму мерапрыемства не выклікала ў Амерыцы той медыйнай увагі, якая ад пачатку чакалася, калі гэты стратэгічны дыялог прызначаўся. 

У той жа час ёсць і пазітыўныя моманты:

«Я бачу пазітыў, што амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах.

Звычайна гэта двухбакова робіцца. Лукашэнкаўская Беларусь дае на адзін год візы, амерыканцы таксама даюць візы на адзін год.

І вельмі цікава, што здаецца ёсць гатоўнасць паламаць гэты прынцып і пачаць выдаваць больш доўгія візы.

Бо я не разумею, чаму расейцам выдаюць на тры гады візы, а беларусам — на адзін год. І гэта быў бы такі магутны сігнал салідарнасці.

Другое — гэта даць тым беларусам, якія ў ЗША, статус часовай абароны.

Гэта не мільёны людзей і не сотні тысяч. Гаворка ідзе пра тысячу чалавек, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Гэты статус таксама дапамог бы вырашыць пытанні з легалізацыяй для многіх пасля новага дэкрэта [аб пашпартах], а таксама гэта пасадзейнічала б, што ў еўрапейскіх краінах пытанні з пашпартамі замежнікаў вырашаліся б хутчэй».

Таксама Вячорка расказаў, як рухаецца справа з прызначэннем амерыканскага спецпасланніка па Беларусі. Паводле яго слоў, згода па гэтым пытанні паміж Дзярждэпартаментам і Кангрэсам ужо ёсць, але калі пра прынятае рашэнне аб'явяць, пакуль невядома:

«Мы спадзяемся, да Новага года або ў пачатку наступнага года будзе і само прызначэнне, і разуменне, як гэты спецпасланнік будзе працаваць».

Таксама, як сцвярджае Вячорка, неўзабаве варта чакаць змены фармату працы амерыканскіх місіі і арганізацый у Вільні і Варшаве. Справа дапамогі беларусам цяпер мае быць выбудаваная інакш, большая ўвага будзе прысвечаная непасрэдна беларускім арганізацыям у выгнанні і супрацоўніцтве з імі.

«На гэты момант амерыканскія арганізацыі, якія працуюць з Беларуссю, яны працуюць як філіялы, напрыклад, кіеўскага офіса або працуюць праз Вашынгтон.

Але цяпер будуць прызначаныя людзі, якія працуюць толькі па Беларусі, у іх партфелях будуць тыя тэмы, якія пазначаныя на стратэгічным дыялогу. І гэта таксама можна назваць яго вынікам», — падкрэсліў Вячорка.

Чытайце таксама:

«Чакаем яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна». У Вашынгтоне праходзіць стратэгічны дыялог дэмакратычных сіл Беларусі з ЗША 

Прэміяй Буша — Тэтчэр узнагародзілі двух беларускіх палітвязняў і Ціханоўскую

Ціханоўская выступіла ў Ельскім універсітэце

Nashaniva.com