Колькі дронаў у беларусаў забралі на патрэбы арміі

Пасля нядаўняга ўказа, які забараняе фізічным асобам мець беспілотнікі, людзі абавязаны пазбавіцца ад іх.

10.12.2023 / 18:12

Скрын відэа з тэлеграм-канала «Крылья»

У лістападзе сілавікі аб'явілі, што стварылі валанцёрскую ініцыятыву «Крылы». Беларусаў заклікалі перадаваць свае дроны Узброеным сілам у якасці «дабрачыннай дапамогі».

Ініцыятыва паведаміла, што за гэты час войску было перададзена больш за 70 дронаў.

«На гэтым тыдні яшчэ некалькі дронаў DJI былі перададзеныя аднаму з падраздзяленняў Узброеных сіл. Дроны ўжо актыўна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца нашымі вайскоўцамі», — кажацца ў паведамленні.

Каб здаць дроны, беларусам прапануюць пісаць у бот ініцыятывы і пазначаць горад пражывання і мадэль беспілотніка.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў верасні падпісаў указ №297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». Гэтым ён забараніў мець дроны фізічным асобам, а арганізацыі і ІП абмежаваў у карыстанні.

Указам прадугледжана, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў дазволеныя толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам для іх прафесійнай дзейнасці.

Для гэтага арганізацыям і прадпрымальнікам неабходна атрымаць адпаведны дазвол у Дэпартаменце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Фізічным асобам увоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб грамадзянскіх БЛА забараняецца. У фізічных асоб ёсць паўгода, каб прадаць свае дроны ці перадаць на захоўванне арганізацыі, вызначанай урадам.

Чытайце таксама:

Фізічным асобам забараняюць мець дроны, арганізацыям і ІП — абмяжоўваюць

Nashaniva.com