Сыны Галоўчанкі і Вальфовіча, дочкі Сергеенкі і Качанавай. Чым займаюцца дзеці беларускіх топ-чыноўнікаў

Беларуская ўладная вертыкаль дастаткова закрытая. У дзяржаўных СМІ і афіцыйных крыніцах рэдка можна знайсці інфармацыю пра сем’і чыноўнікаў. «Свабода» паглядзела, што робяць дзеці некаторых з іх.

11.12.2023 / 13:10

Сын Галоўчанкі піша вершы па-беларуску

У прэм’ер-міністра Беларусі двое дзяцей. Дачцэ Вользе ад другога шлюбу ўсяго восем гадоў, яна школьніца.

Ад першага шлюбу ў Галоўчанкі сын Георгі. Цяпер яму 28 гадоў. У сацыяльных сетках сын прэм’ера падпісаны па-беларуску «Георгій Яцкоўскі». Паводле зьвестак BelPol, Яцкоўскі — дзявочае прозьвішча ягонай маці.

Пасьля школы Георгі Галоўчанка паступіў у Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсыстэт імя Баўмана на катэдру касьмічных апаратаў і ракетаў-носьбітаў. Скончыў ВНУ ў 2020 годзе. Падчас вучобы падпрацоўваў рэпэтытарам у матэматыцы і фізыцы.

Як вынікае з сацыяльных сетак Галоўчанкі-малодшага, то ён працягвае жыць у Маскве. Праўда, займаецца зусім не ракетамі, а музыкай. Георгі — басіст у гурце ETERNAL STASIS. Сам ён жартаўліва называе гурт «ВІА Вечны спакой».

Гурт грае ў стылі, які называецца «Атмасфэрык-блэк-мэтал». Ён характарызуецца марудным тэмпам, гукамі сынтэзатара, акустычнымі ўстаўкамі. У асноўным гурт Галоўчанкі-малодшага сьпявае на ангельскай мове, але ёсьць і песьні па-расейску.

Сам Георгі ў сацыяльных сетках часам пакідае допісы па-беларуску. На яго старонцы «ЎКантакце» можна знайсьці беларускамоўныя вершы, якія ён піша сам.

Сын Вальфовіча — найлепшы камандзір мэханізаваных брыгад

У дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча адзін сын Максім. Як і бацька, ён вырашыў стаць вайскоўцам.

Максім Вальфовіч

У 2020 годзе камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Віктар Гулевіч у інтэрвію газэце расейскага Міністэрства абароны «Красная звезда» расказваў:

«Гвардыі маёр Максім Вальфовіч сёлета стаў найлепшым камандзірам мэханізаванага батальёну нашай арміі, пасьля чаго паступіў на факультэт Генэральнага штабу ўзброеных сілаў. Атрымаўшы новыя веды, ён як моцны практык найлепшым чынам будзе ўжываць іх у сваёй службовай дзейнасьці», — казаў Гулевіч.

У 2022 годзе на тэлеканале СТБ была нататка пра тое, што Максім Вальфовіч закончыў факультэт Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі.

«Факультэт выхоўвае патрыётаў сваёй радзімы, якія патрэбныя кожнай дзяржаве», — казаў Вальфовіч-малодшы.

Да паступленьня Максім Вальфовіч узначальваў мэханізаваны батальён шостай асобнай гвардзейскай брыгады, якая базуецца ў Горадні. Маладога маёра ня раз хвалілі ў дзяржаўнай прэсе.

Сын Тэртэля зьехаў у Маскву

У кіраўніка КДБ Івана Тэртэля таксама адзін сын, Міраслаў. Вядома, што яму 30 гадоў.

Да апошняга часу Міраслаў, як і бацька, працаваў у КДБ. Быў супрацоўнікам упраўленьня ў Менску і Менскай вобласьці. Быў прапісаны ў Маладэчне.

Сёлета вялікі розгалас мела гісторыя, калі ў турыстычную паездку ў ЗША зьбіралася жонка Міраслава. Лізавета Тэртэль працавала ў Белтэлерадыёкампаніі «рэдактарам аддзелу крымінальных навінаў АТН». Жанчына спрабавала атрымаць візу ў пасольстве ЗША ў Астане.

Цяпер жа Міраслаў Тэртэль перайшоў на працу ў МЗС. На гэты момант ён служыць другім сакратаром амбасады Беларусі ў Расеі.

Сын Шведа таксама стаў судова-мэдычным экспэртам

У генэральнага пракурора, а таксама кіраўніка «камісіі вяртаньня» Андрэя Шведа трое дзяцей. Сыну Сямёну восем гадоў, дачцэ Марыі — дзевятнаццаць.

Старэйшаму сыну Кірылу 29 гадоў. У 2016 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Ягоная дыплёмная праца на катэдры крыміналістыкі называлася «Дактыляскапія: паняцьце, прадмет, магчымасьці».

Дыплёмную працу ў Шведа-малодшага прымаў Аляксандар Гучок, які літаральна праз два гады пасьля таго быў прызначаны на пасаду старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Як і бацька, працаваць Кірыла пайшоў у судовую экспэртызу. Спачатку ён працаваў начальнікам аддзелу судовай экспэртызы на вуліцы Кіжаватава ў Менску. Потым стаў старэйшым судова-мэдычным экспэртам у цэнтральным апараце Камітэту судовых экспэртызаў (гэты камітэт узначальваў Андрэй Швед да прызначэньня ў Генэральную пракуратуру).

Акаўнт «УКантакце» Кірыла Швед закрыў. Раней ён выкладаў тут шмат здымкаў з падарожжаў па Эўропе.

Сын Кубракова папрацаваў у ГУБАЗіКу

У міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова дачка і сын. Дачцэ Лізавеце пятнаццаць гадоў, яна школьніца.

Уладзімер Кубракоў

У інтэрвію расейскаму агенцтву «Спутник» Кубракоў расказваў, як у жніўні 2020 году прапаноўваў дачцэ суправаджаць яе ў школу, але тая адмовілася. Навошта дзяўчынцы трэба было ў жніўні ў школу, міністар прамаўчаў.

Старэйшаму сыну Ўладзімеру 27 гадоў. І ён таксама міліцыянт. І таксама зусім не шараговы. На гэты момант Уладзімер служыць намесьнікам начальніка Цэнтральнага РУУС Менску, начальнікам крымінальнай міліцыі.

Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», Кубракоў-малодшы працаваў у ГУБАЗіКу старшым опэрупаўнаважаным. З актуальных здымкаў вынікае, што Ўладзімер цяпер мае званьне капітана.

Дачка Сергеенкі — актывістка БРСМ

Ганна Сергеенка — дачка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі. Дзяўчына два гады таму скончыла школу, а цяпер паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Цяпер яна другакурсьніца.

У кастрычніку 2022 году Ганну абралі кіраўніцай студэнцкай рады юрфаку. Яна шмат фатаграфуецца з дэканам факультэту, рэктарам унівэрсытэту і іншымі гасьцямі БДУ.

У дэбатах на факультэце дзяўчына выступае за тое, каб захаваць у краіне сьмяротнае пакараньне. Актыўнічае яна і ў БРСМ, на сваім адзеньні яна носіць чырвона-зялёны сьцяжок.

Як пісала «Наша Ніва», у сацыяльных сетках Ганна выкладае stories з наведваньнем запісаў перадачы Грыгорыя Азаронка, была ўдзельніцай «рэспубліканскага балю» ў палацы Незалежнасьці. Любіць дарагія рэстараны побач з Драздамі.

Сын Снапкова працуе намесьнікам збеглага прэм’ера Кіргізстана

У першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова два сыны — Ільля і Захар. Пра малодшага Захара вядома, што яшчэ з школьнай лавы ён самастойна вывучаў кітайскую мову. Цяпер на яго старонцы ў Instagram напісана, што ён студэнтам унівэрсытэту Тунцзі ў кітайскім Шанхаі. Спэцыяльнасьць — архітэктар.

Пра старэйшага сына Ільлю вядома больш. Раней ён працаваў галоўным спэцыялістам аддзелу закупак цэнтру тылавога забесьпячэньня МНС.

Потым Ільля Снапкоў стаў камэрцыйным дырэктарам Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, што месьціцца пад Рудзенскам.

БНБК зьвязваюць з былым экс-прэм’ерам Кіргізстану Даніярам Усенавым, які на радзіме быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня і ўцёк. Праўда, у Беларусі Усенаў быў вядомы пад іншым імем — Данііл Урыцкі: улады Кіргізстану сьцьвярджалі, што ў Беларусі яму выдалі пашпарт на новае імя. Сярод намесьнікаў дырэктара БНБК была і вядомая Надзея Каткавец.

У Караева адзін сын каратыст, другі пісаў беларускія песьні

У памочніка Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева двое сыноў — Герман і Алег. Сам Караеў казаў, што «з пэўных прычынаў хлопцы служыць не маглі».

Старэйшы сын Герман працуе звычайным трэнэрам каратэ ў клюбе «Тасай». Трэнуе дзяцей. Старонка Германа ў інстаграме сьведчыць, што ён мае шмат задавальненьня ад сваёй працы.

Малодшы сын Алег вучыўся ў Кітаі па накіраваньні МУС. Калі вярнуўся з Паднябеснай, то стаў працаваць у музэі ўнутраных войскаў МУС.

Цікава, што калісьці Алег Караеў спрабаваў сябе як музыка. Ён выступаў пад творчым імем Агдам. Пісаў тэксты песень, у тым ліку на беларускай мове, прычым тарашкевіцай. У сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» яшчэ можна знайсьці «Песьню ракі», якую выконвае Караеў-малодшы.

Сыны Калавура ў банкаўскай сфэры

У кіраўніка Нацыянальнага банку Паўла Калавура двое сыноў. Старэйшы Аляксей сёньня незалежны дырэктар у «Цэнтры банкаўскіх тэхналёгіяў». На гэтай пасадзе мужчына з 2022 году.

Раней Аляксей працаваў у банках — ВТБ і «Сбербанку». Перадапошнім месцам працы была ІТ-кампанія EIS Ltd, там Калавур быў «прадукт-мэнэджарам».

Уладзімер Калавур таксама зьмяніў месца працы ў 2022 годзе. З банку БелВЭБ, дзе Ўладзімер быў выканаўчым дырэктарам, мужчына перайшоў у «Альфа-банк». Цяпер ён займаецца мэнэджарскай працай у разьвіцьці банку.

У Юрыя Назарава дачка лекарка

У кіраўніка справамі Лукашэнкі былога віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава адна дачка Вікторыя. Яна, як і маці, скончыла мэдычны ўнівэрсытэт.

Цяпер Вікторыя працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Менску, ёй 29 гадоў. Адметна, што свой інстаграм яна апошнім часам пераважна вядзе па-беларуску. Вікторыя шмат падарожнічае — як па Беларусі, гэтак і па эўрапейскіх і азіяцкіх краінах. Пра палітычныя падзеі ў краіне не выказваецца.

Дачка Хрэніна працуе ў банку

У міністра абароны Віктара Хрэніна адна дачка Марына. Ёй 30 гадоў. Прозьвішча па мужу Чарняшова. Скончыла юрыдычны факультэт Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Цяпер працуе ў адным з аддзяленьняў «Беларусбанку» ў Горадні.

Дочкі Качанавай малапублічныя

У сьпікеркі Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай дзьве дачкі. Старэйшая Вольга скончыла Менскі мэдычны ўнівэрсытэт. Потым вярнулася ў родны Наваполацак працаваць лекарам-пэдыятрам у мясцовай радзільні, там жа працаваў і яе муж. Апошнія гады працуе ў мінскім цэнтры «Маці і дзіця» ў педыятрычным аддзяленні для наванароджаных.

Малодшая Алена скончыла гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, чым яна займалася пасьля, невядома.

Чытайце таксама:

«А што ты зрабіў для Радзімы?» Дачка Ігара Сергеенкі становіцца публічнай асобай і ходзіць у масоўку да Азаронка

Дачка дырэктара «Лініі Сталіна» і ўнучка заснавальніка «Гардсэрвіса» пераехала ў Польшчу. А вось на чым зарабляе іх сям'я

«Атачыў сябе даносчыкамі». Расказваем пра дэкана юрфака БДУ, са студэнтам якога двойчы запісалі відэа ў духу сілавікоў

Nashaniva.com