Падтрымку ў памеры 30 млн еўра атрымаюць беларускія дэмсілы ад ЕС — Барэль

Галоўны дыпламат Еўрасаюза Жазэп Барэль сустрэўся з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

11.12.2023 / 15:07

Жазэп Барэль і Святлана Ціханоўская. Фота: JosepBorrellF / Twitter

«У нас шмат праблем ва ўсім свеце, вайна ў Газе, вайна ва Украіне, але мы не забываем Беларусь і яе народ», — гаворыцца ў звароце Вярхоўнага прадстаўніка ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

Паводле яго, у кіраўніцтве ЕС разумеюць, што сітуацыя ў краіне становіцца ўсё больш складанай.

«Я таксама хачу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб заклікаць рэжым вызваліць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, прыняць удзел у інклюзіўным нацыянальным дыялогу і арганізаваць дэмакратычныя выбары. Я ведаю, што гэта пропаведзь у пустыні, і Лукашэнка не [захоча] мяне пачуць, але ЕС і міжнародная супольнасць павінны яшчэ раз паўтарыць гэтую просьбу — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і заклікаць да свабодных дэмакратычных выбараў», — сказаў Барэль.

Паводле яго, да таго часу, пакуль у Беларусі не пройдуць дэмакратычныя выбары, Еўрасаюз будзе працягваць уводзіць санкцыі супраць рэжыму.

«І каб падкрэсліць гэта, я абвяшчу сёння аб дадатковай фінансавай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл сумай 30 млн еўра, і з улікам нашага сённяшняга паведамлення мы дасягнем лічбы 140 млн еўра з 2020 года», — заявіў Барэль.

Святлана Ціханоўская, у сваю чаргу, гаварыла ў Бруселі пра тое, што з-за нелегітымных і незаконных дзеянняў Лукашэнкі беларускія незалежнасць і суверэнітэт знаходзяцца пад сурʼёзнай пагрозай.

«Як толькі Беларусь стане свабоднай, мы зробім рашучы крок у нашым геапалітычным выбары. Беларусь выйдзе з падкантрольных Расіі палітычных і вайсковых саюзаў і будзе імкнуцца да сяброўства ў ЕС», — сказала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што санкцыі пакуль не змянілі паводзінаў рэжыму.

«Але яны могуць адыграць важную ролю ў аслабленні яго здольнасці праводзіць рэпрэсіі і дапамагаць расейцам у вайне. Адзін са спосабаў — закрыць шчыліны, якія дазваляюць Лукашэнку і Пуціну дапамагаць адзін аднаму абыходзіць санкцыі. Я заклікаю ЕС прыняць новы пакет санкцый і закрыць існуючыя шчыліны. У санкцыях не павінна быць адступленняў. Нельга пакідаць рэжым беспакараным», — сказала Ціханоўская.

Nashaniva.com