«Калі палітыка пытаюць, агент ты ці не агент, я не ведаю, што ён мусіць адказваць». Сяргей Вазняк патлумачыў, для чаго ім з Калякіным партыя

9 снежня ў Мінску быў сфарміраваны арганізацыйны камітэт па стварэнні ў Беларусі новай левай дэмакратычнай партыі. Партыю, ідэйнай асновай якой будзе марксізм, паспрабуюць стварыць замест ліквідаванай Вярхоўным судом Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (да 2009 года — Партыя камуністаў Беларусі). Адзін з яе стваральнікаў, адзін з колішніх лідараў «Справядлівага свету» Сяргей Вазняк, расказаў некаторыя падрабязнасці ў каментары Беларускай рэдакцыі Польскага радыё.

11.12.2023 / 19:59

Сяргей Вазняк. Фота: gazetaby.com

Сяргей Вазняк кажа, што летам, яшчэ да ліквідацыі партыі «Справядлівы свет», праходзіў з’езд, і некаторыя яе чальцы агучвалі думку, што калі рэгістрацыя будзе забраная ўладамі, варта паспрабаваць аб’ядноўвацца хаця б пад эгідай аргкамітэта па стварэнні партыі.

«Відавочна, цяпер беларускае грамадства знаходзіцца ў стадыі палітычнага заняпаду, інтарэс да палітыкі знізіўся, мы назіраем сіндром 2020 года. Але гэта часовая з’ява, бо нічога застылага няма, асабліва ў грамадскім жыцці. Пройдзе час, і ў людзей зноў прачнецца цікаўнасць да палітыкі, будзе праяўляцца жаданне ўплываць на дзяржаўныя рашэнні нейкім чынам. А такія людзі схільныя аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі нейкім чынам, грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, грамадскія ініцыятывы. Гэта нармальны працэс.

Трэба перажыць гэты час, спадзявацца. Я дакладна ведаю, што прыйдуць іншыя часы. А мы будзем рабіць тое, што магчыма ў цяперашніх умовах. І я разумею, што магчымасці будуць вельмі абмежаваныя. Адна рэч, калі ты зарэгістраваная палітычная партыя, іншая — калі ты аргкамітэт па стварэнні партыі, магчымасцяў менш. Але яны ёсць і мы будзем іх выкарыстоўваць», — гаворыць Вазняк.

Ён некалькі разоў у размове кажа пра магчымасці, якія дае беларускае заканадаўства:

«Адбываецца тое, што адбываецца. Так, ліквідаваныя партыі, у тым ліку і некаторыя праўладныя. Яны ліквідаваныя, але ёсць закон, які дазваляе ствараць грамадзянам палітычныя партыі. То-бок ёсць прававое поле, у якім можна дзейнічаць», — падкрэслівае палітык.

Ва ўмовах разгромленага грамадска-палітычнага жыцця ініцыятыва распачаць стварэнне палітычнай партыі выглядае як мінімум нечакана. У Вазняка адкрыта запыталіся, ці не было кансультацыі адносна гэтага кроку з КДБ. Той у адказ засмяяўся:

«Я не ведаю, як на такія пытанні адказваць. Ведаеце, калі палітыка пытаюць, агент ты ці не агент, я не ведаю, што ён мусіць адказваць. Рваць на сабе кашулю і казаць, што ён не агент ці што агент? Мне нічога такога невядома, пра што вы мяне пытаеце».

Што тычыцца камуністычных ідэй, то Вазняк спакойна заўважае, што нікога, хто не падзяляе іх светапогляду, ініцыятары за сабою не клічуць.

«Мы клічам толькі прыхільнікаў левых марксісцкіх поглядаў, нармальная сітуацыя, калі нехта з намі не згодны, калі ласка! Нармальная сітуацыя, калі нехта мысліць інакш».

Чытайце таксама:

«Камуніст, які выступае за буржуазную рэвалюцыю». Пяць фактаў пра Сяргея Калякіна, які стварае «партыю марксісцкіх поглядаў»

Бухвостаў, Вазняк і Калякін паспрабуюць стварыць новую партыю на базе марксізму

Камуніст Вазняк: Я адзіны чалавек, які быў даверанай асобай у пяці розных кандыдатаў у прэзідэнты

Nashaniva.com