Ціханоўская павіншавала Туска з абраннем на пасаду прэм'ера Польшчы

«Спадзяюся на шчыльнае супрацоўніцтва і ўмацаванне польска-беларускіх адносінаў», — напісала беларуская нацыянальная лідарка.

12.12.2023 / 07:45

Святлана Ціханоўская і Дональд Туск. Фота: ОСЦ

Святлана Ціханоўская павіншавала лідара «Грамадзянскай платформы» Дональда Туска з прызначэннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы.

«Паважаны спадар Туск, віншую з абраннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы. Я ўдзячная вам за ўсю дапамогу, якую вы аказвалі Беларусі на працягу доўгіх гадоў. І спадзяюся на шчыльнае супрацоўніцтва, якое паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне. Асабліва важна для нас вызваленне ўсіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Андрэя Пачобута.

Я ўпэўненая, што вашае лідарства і здольнасць да стратэгічнага бачання будуць моцным стымулам для ўмацавання і развіцця польска-беларускіх адносінаў», — гаворыцца ў віншаванні.

Лідар апазіцыйнай дагэтуль «Грамадзянскай платфомы» Дональд Туск быў учора зацверджаны на пасаду прэм'ер-міністра Польшчы. Васьмігадовае кіраванне «Закона і справядлівасці» скончылася.

«Хачу падзякаваць полькам і палякам — тым, хто ўсе гэтыя гады не губляў веры, што ўсё наладзіцца і мы выганім цемру. З заўтрашняга дня мы выправім тое, што было зроблена, каб кожны адчуваў сябе ў Польшчы як дома», — заявіў учора Туск.

Сёння, 12 снежня, Дональд Туск пакажа сваю праграму і склад урада, пасля чаго ў Сейме адбудзецца яшчэ адно галасаванне. Афіцыйна Дональд Туск зойме пасаду прэм'ера, калі яго прысягу прыме прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Чытайце таксама:

Дональда Туска абралі прэм'ер-міністрам Польшчы

Nashaniva.com