«Я губляю маладосць, нашыя мужыкі губляюць жыцці». Жонкі расійскіх мабілізаваных надзяваюць белыя хусткі і працягваюць пратэсты
Рух жонак мабілізаваных расіян «Шлях дадому» заклікаў усіх сваякоў мабілізаваных кожную суботу прыходзіць да мемарыялаў загінулым воінам у сваіх гарадах. Жанчыны апранаюць белыя хусткі — іх абвясцілі сімвалам сваякоў мабілізаваных. Удзельніцы «Шляху дадому« маюць намер праводзіць такія акцыі па ўсёй краіне, калі ўлады да іх не прыслухаюцца, распавяла «МО» актывістка Марыя.
12.12.2023 / 11:27
Яна кажа, што не чакае нічога асаблівага ад прамой лініі Пуціна. «Добрай гісторыяй было б, калі б ён сказаў: «Так, дзяўчаты, я ўсё зразумеў. Пачынаем вяртаць вашых мужчын, я даў даручэнне Шайгу, Мядзведзеву, каб у лютым усе вашыя мужы былі дома…»
Але асабіста маё меркаванне — такога, вядома, не будзе. А будзе нешта з разраду: ну вы пацярпіце, трэба проста пацярпець яшчэ… Рускі нарадзіўся, пацярпеў… і памёр», — кажа яна.
Марыя гаворыць, што больш не гатова трываць. «Я нарадзілася не для таго, каб цярпець. Я губляю сваё здароўе, час, сваю маладосць… А нашыя мужыкі губляюць свае канечнасці і свае жыцці. Уласна, якога ражна мы павінны трываць? Будзем рабіць усё, каб дабіцца іх канчатковага вяртання. Не ратацыі, а назусім. Калі прэзідэнт на прамой лініі скажа, што яны там да канца СВА, то мы не спынімся, будзем працягваць дзейнічаць. Наша права выказваць незадаволенасць гарантавана Канстытуцыяй», — мяркуе жанчына.
Яна кажа, што адкрыта падтрымаць рух гатовы не многія сваякі мабілізаваных: «Многія баяцца <…> Трэба, каб людзі дзейнічалі, а не абмяжоўваліся размовамі на кухні».
Марыя гаворыць, што адчувае «здраду, жахлівую крыўду і гнеў».
«Тое, што зараз адбываецца — гэта здрада ўласнага народа. І не проста прамая здрада, а нейкая баязлівая, крывадушная — калі ўлады хаваюцца за нейкімі Салаўёвымі, Сладковымі. І проста баяцца сказаць у твар, узяць адказнасць. Што так, мы прае*аліся, умоўна кажучы».
Яна распавядае, што раней яе муж быў упэўнены: каб выжыць на вайне, дастаткова не быць дурнем і валодаць нейкімі элементарнымі навыкамі.
«Цяпер ён кажа, што тыя, хто выжыў — ім пашанцавала проста. Такая вось рулетка», — гаворыць яна.
«Шлях дадому» — рух сваякоў мабілізаваных расіян. Яны дамагаюцца вяртання сваіх блізкіх з фронту, але выступаюць яны не супраць СВА, а толькі супраць бестэрміновай мабілізацыі. Цяпер яны адчуваюць значны ціск расійскіх уладаў.
Чытайце таксама:
«Нас на*балі і вас на*буць». Жонкі мабілізаваных РФ апублікавалі жорсткую петыцыю. Але ёсць нюанс