У Сафіі зносяць помнік Савецкай арміі. Такое рашэнне прынялі яшчэ 30 год таму, але справа не рухалася

Балгарскія ўлады 12 снежня пачалі дэмантаж манумента ў цэнтры Сафіі ў гонар Савецкай арміі, піша «Дневник». 

12.12.2023 / 15:45

Бакавыя і цэнтральная скульптурныя кампазіцыі/ Фота: Марк Ахсманн / bg.wikipedia.org 

Афіцыйнай прычынай дэмантажу помніка назвалі дрэнны стан скульптур з бронзы. Згодна з экспертным заключэннем, яны ўяўляюць сабой пагрозу бяспецы: нібыта з-за каразійных расколін магчыма абвальванне манумента.

Помнік быў усталяваны ў 1954 годзе ў гонар СССР і Савецкай Арміі. Манумент уяўляе сабой піраміду вышынёй 37 метраў, на якой узвышаецца 8-метровая фігурная скульптурная кампазіцыя — савецкі воін, балгарскі рабочы і маці з дзіцем.

Вянкі і кветкі да помніка Савецкай Арміі ў Сафіі з нагоды Дня Перамогі, 9 мая 2016 года. Фота: bg.wikipedia.org

Гарадскі савет Сафіі яшчэ ў 1993 годзе прыняў рашэнне пра знос манумента Савецкай арміі, якая, на меркаванне многіх балгар, зʼяўляецца агрэсарам у іх краіне, а не вызваліцелем. Але ў Балгарыі былі і моцныя выступы праціўнікаў дэмантажу. 

Ініцыятыва з новай сілай выбухнула пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне. Дэмантаж помніка ідзе пры акцыях пратэсту прарасійскіх сілаў.

Nashaniva.com