У Беларусі «нармалізуюць» заслужаных пенсіянераў — пры непавазе да дзяржорганаў іх пазбавяць павышанай пенсіі

Урад зацвердзіў палажэнне аб пенсіях за асаблівыя заслугі і пашырыў падставы для спынення іх выплат. Пастанова Саўміна №865 на гэты конт апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

13.12.2023 / 09:08

Палажэннем вызначаны ўмовы, парадак прызначэння і выплаты пенсіі за асаблівыя заслугі перад Беларуссю. Права на яе маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і маюць перад ёй асаблівыя заслугі.

На такую пенсію ​​могуць прэтэндаваць героі Беларусі, Савецкага Саюза, Сацыялістычнай працы, грамадзяне, узнагароджаныя шэрагам высокіх дзяржузнагарод, жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і маюць за гэта адпаведныя ўзнагароды, лаўрэаты дзяржпрэмій, выбітныя спартсмены — пераможцы і прызёры Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету і Еўропы і іншыя.

Пенсія за асаблівыя заслугі таксама можа прызначацца грамадзянам, якія займалі ў краіне вышэйшыя дзяржпасады. Гэта члены беларускага ўрада, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама пасля спынення імі работы на такой пасадзе.

Колькі складае пенсія за асаблівыя заслугі

Памер павышэння за асаблівыя заслугі вызначаецца камісіяй у кожным канкрэтным выпадку з улікам асаблівых заслуг грамадзяніна і не можа перавышаць 250 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Але памер павышэння за асаблівыя заслугі можа быць яшчэ павялічаны камісіяй у індывідуальным парадку пры наяўнасці новых (дадатковых) звестак аб асаблівых заслугах перад Рэспублікай Беларусь грамадзяніна, а таксама пры яго ўзнагароджанні ордэнам або медалём Рэспублікі Беларусь (за выключэннем юбілейнай). Пры гэтым памер павышэння за асаблівыя заслугі з улікам павелічэння не можа перавышаць 250 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

За што могуць пазбавіць пенсіі за асаблівыя заслугі

Пенсіі за асаблівыя заслугі можна пазбавіцца ў выпадках прыцягнення асобы да крымінальнай адказнасці (незалежна ад зняцця або пагашэння судзімасці і інш.),

у выпадках ажыццяўлення асобай дзейнасці, якая супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны, яе непаважлівага стаўлення да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу.

Таксама ў выплаце такой пенсіі могуць адмовіць, калі грамадзяне здзейснілі шэраг адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці.

Nashaniva.com