«Узнікаюць пытанні». У Кеніі не ацанілі хуткі адлёт Лукашэнкі, бо той праігнараваў дзень незалежнасці краіны 

Як пішуць кенійскія медыя, Лукашэнка быў запрошаны на ўрачыстую цырымонію з нагоды 60-годдзя Кеніі, але ён і некалькі афрыканскіх лідараў так і не з'явіліся на святкаванні, «чым выклікалі пытанні».

13.12.2023 / 16:20

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Кеніі Уільям Рута. Фота: БЕЛТА

Хуткі адлёт Аляксандра Лукашэнкі з Кеніі збянтэжыў мясцовых дыпламатаў, бо таго афіцыйна запрасілі на ўрачыстую цырымонію з нагоды 60-годдзя незалежнасці Кеніі, якая прайшла ў аўторак. 

Пра гэта напісалі Кенійская тэлевяшчальная карпарацыя (Kenya Broadcasting Corporation, KBC) і кенійская газета Taifa Leo.

Паводле KBC, Лукашэнка разам з некаторымі афрыканскімі лідарамі афіцыйна былі ў спісе гасцей на святкаванне юбілейнага дня незалежнасці Кеніі.

Але ў выніку, як піша Taifa Leo, на ўрачыстую цырымонію асабіста прыйшла толькі прэзідэнтка Эфіопіі Сахле-Ворк Зеўдэ. Астатнія запрошаныя афрыканскія лідары альбо знаходзілі прычыну не прыйсці, альбо накіроўвалі на свята сваіх прадстаўнікоў.

Лукашэнка, у сваю чаргу, паляцеў з краіны амаль адразу пасля сустрэчы з лідарам Кеніі Уільямам Рута, пабыўшы ў краіне менш за тры гадзіны.

Як адзначае газета Taifa Leo, «рашэнне лідараў суседніх і замежных краін не прысутнічаць на нацыянальным свяце Кеніі ў першую чаргу выклікала пытанні аб стаўленні гэтых лідараў да палітыкі кенійскага ўрада».

«Адзін з кенійскіх дыпламатаў падкрэсліў, што фінальнае рашэнне, ісці ці не, канешне, застаецца за тымі, хто быў запрошаны, аднак іх асабістая прысутнасць рабіла б адносіны паміж імі і Кеніяй яшчэ больш трывалымі», — піша Taifa Leo.

У Беларусі Аляксандра Лукашэнкі не было з 29 лістапада. За гэты час, акрамя Кеніі, ён пабываў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Кітаі і Экватарыяльнай Гвінеі.

Чытайце таксама:

Шматвектарная палітыка Беларусі ў адным ФОТА

Сярод тых, хто сустракаў Лукашэнку ў Экватарыяльнай Гвінеі, быў і Віктар Шэйман

Лукашэнка актыўна прасоўвае Беларусь на афрыканскім кантыненце. Але ці зацікаўлена Афрыка ў Беларусі? Тлумачыць эканаміст

Nashaniva.com