Васкрасенскі расказаў, ці пойдзе ў дэпутаты

«Канструктыўны апазіцыянер» параіў прыняць, што ўсе месцы ў парламенце зоймуць прыхільнікі Лукашэнкі.

13.12.2023 / 13:51

Пасля таго як праект «Круглы стол дэмакратычных сілаў» фактычна быў згорнуты, а амністыі для палітычных не атрымалася, Юрый Васкрасенскі ўсё радзей выступае. 

Апошняе месца, куды яго паклікалі — гэта «Клуб рэдактараў» на БТ. Там Васкрасенскі «публічна папярэдзіў» дарадцу кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, каб той адмовіўся ад падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў. «Лепш у цябе будзе на поўначы тысяча кіламетраў мяжы, чым тысяча кіламетраў фронту».

«Наша Ніва» запытала ў Васкрасенскага, ці збіраецца ён у дэпутаты (выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пройдуць 25 лютага 2024 года). Той адмовіўся каментаваць рэсурсу, бо ён прызнаны ўладамі экстрэмісцкім фарміраваннем, але адказаў журналісту як грамадзяніну Беларусі.

«У парламент будуць абраныя самыя дастойныя прадстаўнікі беларускага народа. Я не ўпэўнены, што дацягнуся да гэтай высокай планкі.

Падтрымаюць тых кандыдатаў, хто выступае за палітычны суверэнітэт, стратэгічнае ўзаемадзеянне з Расіяй, эканамічную шматвектарнасць, ваенны нейтралітэт і супраць разнастайных санкцый і абмежаванняў у адносінах да нашай краіны, юрыдычных асоб і грамадзян. Усё вышэйпералічанае — гэта краевугольныя камяні палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Таму 100% месцаў парламента, УНС і мясцовых саветаў зоймуць яго прыхільнікі. Прыміце гэта як належнае».

Юрый Васкрасенскі — былы ўдзельнік штаба Віктара Бабарыкі і палітвязень, якога памілаваў Лукашэнка. Спачатку яго назначылі «канструктыўным апазіцыянерам» і дазволілі стварыць «Круглы стол дэмакратычных сілаў». Ён прапаноўваў палітвязням пісаць прашэнне аб памілаванні і ствараў спіс тых, каго трэба вызваліць. Але на волю пад яго пратэкцыю выпусцілі адзінак.

Чытайце таксама:

«Езджу з выступамі па калектывах, а «Круглы стол» згарнуў дзейнасць». Юрый Васкрасенскі расказаў, куды ён падзеўся

Сям’я Васкрасенскага едзе ў адпачынак — не па Беларусі і не ў Расію

«Не даць згуртаваць вакол сябе «вінцікаў». Чаму Васкрасенскаму і Базанаву не забаронены ўезд у Еўрасаюз?

Nashaniva.com