«У рэстаранах тут неверагодна смачна». Праграміст расказаў, як з ЗША быў вымушаны пераехаць у Мексіку
Франтэнд-распрацоўшчык Аляксандр Талюк каля паўгода жыве ў Мексіцы. А датуль 1,5 года+ прапрацаваў у ЗША — пакуль дазваляла віза. Цяпер ён працягвае працаваць на стартап у Сан-Францыска, але ўжо з-за мяжы. А яшчэ будуе ўласны стартап.У гутарцы з dev.by ён расказаў пра свой шлях.
13.12.2023 / 14:27
Мехіка-сіці. Фота: John Coletti / Getty Images
З Беларусі Аляксандр выехаў у Сан-Францыска, але потым быў вымушаны пакінуць ЗША.
«Адным з варыянтаў было знайсці працу для жонкі, яна 2D-мастак. Але крызіс згуляў супраць нас: рынак для мастакоў камп’ютарнай графікі ў ЗША нашмат меншы, чым для праграмістаў, — расказаў Аляксадр Талюк.
Карацей, са Штатаў трэба было з’язджаць — балазе мы падрыхтаваліся да такога сцэнара. Разглядалі ЕС, Англію і Лацінскую Амерыку. Спыніліся на Мексіцы: побач з ЗША, той жа гадзінны пояс, лёгкая легалізацыя.
Спачатку мы звярнуліся ў пасольства Мексікі і атрымалі там візы часовага рэзідэнта. Яна не дае права на працу, але дазваляе пражыванне.
Падстава для такой візы — наяўнасць працы (па-за Мексікай) і даход ад 1800 даляраў на месяц +200 даляраў на кожнага сямейніка. Я падаў ліст ад СЕО кампаніі з указаннем зп і прыклаў выпіску з банка.
Па прыездзе ў Мехіка мы абмянялі гэтыя візы на ДНЖ. Проста, а 5 раніцы прыйшлі ў офіс іміграцыйнай службы і запісаліся ў чаргу, у 10 падалі дакументы, у 12 выйшлі з карткамі. Першая даецца на год, потым трэба падаўжаць. У суме часовым рэзідэнтам можна быць на працягу 4 гадоў, пасля гэтага атрымаць ПМЖ, а яшчэ праз год падацца на пашпарт.
У часе пераезд і змена працы амаль супалі, але насамрэч гэтыя падзеі не былі звязаныя. У ЗША я зарэгістраваў LLC (па сутнасці, ІП) і перайшоў на кантрактную працу са сваім падрадчыкам, такім чынам атрымаўшы магчымасць працаваць з-за мяжы. Новы кантракт я заключаў ужо з Мексікі.
Першы стартап быў B2B — з умераным і даволі прадказальным рэжымам працы. Цяпер я працую ў В2С, карыстальніцкай праграме, і сумаваць там няма калі.
У выходныя таксама няма калі сумаваць, бо летам у мяне з’явіўся свой стартап-праект.
Усё пачалося з таго, што сястра-студэнтка спытала, ці можна выкарыстоўваць ChatGPT для акадэмічных даследаванняў. У яе былі матэрыялы, якія трэба было прааналізаваць і зрабіць выснову.
Я на каленцы нешта сабраў, і вынік атрымаўся добры. Ідэя! З гэтага ж можна зрабіць прадукт.
За пару тыдняў сабраў невялікую платформу і вывесіў лінкедзін-пост: вось паглядзіце, што атрымалася. Пасля гэтага са мной звязаўся былы калега, беларус, які мае вялікі досвед у прадукце і жыве ў Еўропе:
— Класная ідэя, ці не хочаш закалабаравацца? Я магу дапамагчы з маркетынгам.
Пазней ён прывёў у праект яшчэ аднаго партнёра-беларуса, які адказвае за бізнэс.
Сутнасць праекта — аўтаматычны аналіз запісаў званкоў з дапамогай АІ. Вельмі шматлікія кампаніі збіраюць медыяматэрыялы (відэа– і аўдыязапісы, тэксты), якія потым даводзіцца апрацоўваць уручную. Ідэя ў тым, каб аналізаваць іх з дапамогай АІ і рабіць на аснове гэтых даных справаздачы. Мадэль лёгка маштабуецца на розныя дамены, аднак цяпер мы сфакусаваліся на аналізе sales званкоў.
У нас ужо ёсць MVP і патэнцыйныя кліенты. Цяпер стэлефаноўваемся з бізнэсам і спрабуем інтэграваць нашую платформу ў іхнія пайплайны. Гэтай восенню зарэгістравалі кампанію ў Дэлавэры. Дарэчы, гэта таксама ўдалося зрабіць аддалена.
Адзіная праблема была з адкрыццём бізнэс-рахунку. Многія неабанкі, у якіх добрыя ўмовы для стартапаў, не працуюць з рэзідэнтамі РБ. Наогул, мы, трое заснавальнікаў, рэзідэнты іншых краін, але пры рэгістрацыі глядзяць толькі на пашпарт.
Прыйшлося адкрыць рахунак у буйным амерыканскім банку. Згуляла на руку тое, што ў мяне ўжо быў там адзін.
Як яно ў Мексіцы і што далей
З пераездам у Мексіку і атрыманнем ДНЖ мы змаглі «зазямліцца». У ЗША, нягледзячы на нашыя намаганні і надзеі, фонам заўсёды прысутнічала думка, што, магчыма, прыйдзецца з’ехаць.
Ці можна было прыкласці больш намаганняў, каб гэтага не здарылася? Вядома, але жыццё часам уносіць карэктывы. Апошнія некалькі гадоў былі неверагодна складанымі для ўсіх, і, шчыра кажучы, не заўсёды хапала рэсурсу паўсюль паспяваць.
Але падстаў хвалявацца няма, жыццё — гэта прыгода. Ці мог я яшчэ некалькі гадоў таму падумаць, што апынуся ў ЗША? Не, мог толькі марыць. А што я буду жыць у Мексіцы? Тым больш не. І гэта бясцэнны досвед, які не пражывеш у чужых аповедах. Калі пераезд у ЗША быў складаным: новая краіна, новыя людзі, новыя парадкі, — то пераезд у Мексіку быў на парадак прасцейшы. Мы ўжо здагадваліся, з якімі складанасцямі можам сутыкнуцца, і ведалі, як не згубіць сябе.
Адзіны выклік, якому пакуль не ўдалося даць рады, — гэта іспанская мова. Аднак у Мехіка гэта не вельмі крытычна: тут шмат мігрантаў з ЗША, таму многія спецыялісты (дактары, цырульнікі, афіцыянты, часам таксісты) размаўляюць па-англійску.
Дарэчы, у рэстаранах неверагодна смачна. Калі ў Штатах трэба было пастарацца, каб знайсці смачную ежу (Нью-Ёрк — выключэнне, там гастраномія на высокім узроўні), то тут багата крутых рэстаранаў з класнай кухняй і абслугоўваннем. Кожны раз, калі шпацыруем, бачым прыгожае месца і пазначаем на картах, каб схадзіць іншым разам. Якім іншым, што праўда, не вельмі зразумела: на карце адзначана ўжо некалькі дзясяткаў кавярняў і рэстаранаў.
Мексіканцы ганарацца тым, што да іх прыязджаюць мігранты. Калі ў смол-токах з мясцовымі заўважаем, што мы з Беларусі, першае пытанне ад іх: «Як вам Мексіка?»
Побыт тут такі ж, як і ў іншых краінах: тыя ж крамы, кавярні, бары, людзі, якія выгульваюць сабак. Інтэрнэт тут выдатны, каштуе як у ЗША. Мой правайдар за гігабітны оптавалаконны інтэрнэт бярэ $80.
Арэнднае жытло вельмі рознае: ёсць і дрэнныя варыянты за $500, і неверагодныя кватэры за $5K. Мы выбралі нешта сярэдняе — кватэру на 160 «квадратаў» на 30-м паверсе, адкуль адкрываецца надзвычайны від на горы.
Многія нашыя сябры, даведаўшыся, што мы ў Мексіцы, дзівіліся: «Там жа вельмі небяспечна, там наркакартэлі.Як вы туды паехалі?»
Так, тут ёсць наркакартэлі, ёсць небяспечныя месцы, куды нават мясцовыя не рэкамендуюць ездзіць на машыне праз рызыкі рабавання. Але яны сканцэнтраваныя ў пэўных штатах, а большая частка краіны бяспечная. Канкрэтна ў Мехіка ноччу на вуліцы не адчуваеш небяспекі.
З незвычайнага: пакуль я адказваў на вашыя пытанні, у нас здарыўся землятрус у 5,8 бала. Было вельмі страшна, хоць апісаць гэтае пачуццё складана.
Мы ўжо перажылі адзін землятрус у Сан-Францыска з такой жа магнітудай: ты проста не разумееш, што рабіць, калі дом хістаецца. Жыццё ў Беларусі падрыхтавала да многага, але не да такога. Мабыць, час прайсці інструктаж і на выпадак такіх узрушэнняў.
Што далей? Жыццё пакажа. У планах найбліжэйшымі годам-двума займацца стартапам: мы прыкладаем вялікія намаганні, каб зрабіць яго паспяховым бізнэсам. А яшчэ — шмат падарожнічаць. Паездзім па Мексіцы, перш за ўсё хочам у Тулум (пашукайце фатаграфіі — гэта райскае месца), ёсць планы на паездку ў Перу, а таксама спадзяемся з’ездзіць у Паўднёвую Карэю і Японію. Таму складана сказаць, дзе мы будзем праз некалькі гадоў. Але ўпэўнены, гэта будзе штосьці цікавае».