Памёр Абрам Шандаровіч

Стваральнік савецкага каляровага тэлебачання нарадзіўся ў 1927 годзе ў Слуцку.

14.12.2023 / 11:29

Фота: Enews112

У Маскве памёр адзін са стваральнікаў каляровага тэлебачання СССР Абрам Шандаровіч. Ён памёр ноччу на 97-м годзе жыцця, паведаміў сябар сям'і Канстанцін Андрэеў. Пра дату і месца развітання будзе абвешчана пазней, паведаміла ТАСС.

Абрам Шандаровіч скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут па спецыяльнасці «радыёлакацыя», таксама вучыўся ў Ташкенце ў электратэхнічным інстытуце. Ён стаяў ля вытокаў стварэння каляровага тэлебачання, сустракаўся з савецкім лідарам Мікітам Хрушчовым, які даручаў яму праекты, звязаныя з ТБ.

Пра сваё дзяцінства ён прыгадваў:

«Я нарадзіўся ў Беларусі ў горадзе Слуцку 23 сакавіка 1927 года. Аднак у выніку нейкіх прычын рэгістрацыя майго нараджэння была перанесена на два тыдні пазней, і ў пашпарце запісаны дзень майго нараджэння 6 красавіка 1927 года. (…) Бацька мне распавядаў пра вялікую сям'ю яго бацькоў, якая пражывала ў Бабруйску. Ён быў пятым дзіцем і нарадзіўся ў 1900 годзе. Тады габрэі жылі ў межах аселасці. Займаліся мае бацькі хатняй гаспадаркай. Бацька вучыўся і працаваў краўцом і шыў у асноўным штаны, якія ён прадаваў на рынку. Ён быў габрэем-вернікам, наведваў сінагогу і адзначаў габрэйскія святы. У перыяд Першай сусветнай вайны бацька быў яшчэ падлеткам і ў войску не служыў. У тыя часы габрэі імкнуліся з'ехаць з Беларусі, і сястра майго бацькі, Любоў Абрамаўна Шандаровіч, эмігравала ў ЗША. Пра гэта мой бацька мне не казаў — такія былі часы. Я даведаўся пра гэта шмат гадоў пасля».

Шандаровічы жылі ў Беларусі да 1930 года. Пазней яны пераехалі ў горад Саратаў на Волзе. У 1937-м на бацьку нехта данёс.

«Але нам пашчасціла. Калі прыйшлі ў наш дом супрацоўнікі НКВД, бацькі дома не было. Я памятаю, пасля ператрусу адзін супрацоўнік заставаўся на ўсю ноч у нашай кватэры. Аднак бацька не з'явіўся. На наступны дзень мы даведаліся ад суседкі, што яна бачыла, як да нас прыехалі супрацоўнікі НКВД, і папярэдзіла бацьку, сустрэўшы яго на вуліцы. Бацька дадому не пайшоў і з'ехаў у Крым да сваіх сваякоў. Адразу мая маці са мной і сястрой выехала ў Крым да бацькі. У Саратаве мы здымалі кватэру, і таму лёгка яе пакінулі. Прыехаўшы ў Сімферопаль, бацька зняў двухпакаёвую кватэру ў аднаго з крымскіх татараў», — прыгадваў Абрам Шандаровіч.

Nashaniva.com