Саладуха, Лукашэнка і нават Кіяну Рыўз. Псіхолаг — пра тое, хто такія нарцысы
Нарцысы — эгаістычныя і самалюбныя істоты, з якімі лепш не сутыкацца? Разбіраемся ў тым, ці так гэта, з дапамогай псіхолага Ліліі Ахрэмчык. А заадно кажам, што рабіць, калі ў гісторыі пра нарцысаў вы пазналі сябе.
06.01.2024 / 19:16
Скрыншот трансляцыі БТ, 2020 год
«Здаецца, у Арастовіча вельмі выпірае нарцысічны кампанент»
Перш за ўсё Лілія звяртае ўвагу на тое, што цяпер прынята каго заўгодна называць нарцысамі, навешваць такія ярлыкі на людзей, з якімі мы ў канфлікце. Але насамрэч нарцысізм — гэта разлад асобы, не хвароба, але праблема, асаблівасць структуры асобы.
«Унутры кожнай асобы ёсць нарцысічны кампанент, ён адказвае за нашу рэалізацыю ў соцыуме, нашы дасягненні, успрыняцце пахвалы і самаацэнку. Так павінна быць, любіць сябе — гэта нармальна. Але ў некаторых людзей нарцысічны кампанент выпірае, занадта выдаецца наперад. У такім выпадку і можна падазраваць нарцысічны разлад асобы», — тлумачыць спецыялістка.
У нарцысаў няма ўнутранай апоры, якая трымае іх самаацэнку, у іх самаацэнка вагаецца ад нікчэмнай да выдатнай. Няма ўстойлівага ўсведамлення сябе і свайго сапраўднага «я». Яны ствараюць хлуслівае «я», у якім яны выдатныя, шукаюць для яго падмацоўвання і самі ад гэтага пакутуюць. Нарцысы не могуць знутры пацвердзіць, што з імі ўсё файна, і мусяць шукаць гэтае пацвярджэнне звонку.
Прынята лічыць, што нарцысы — вельмі непрыемныя людзі: маўляў, яны і эгаістычныя, і занадта сябе любяць. Лілія ўдакладняе, што гэта датычыць не ўсіх людзей з такім разладам: «Ёсць адносна бяскрыўдныя нарцысы, якія займаюцца самалюбаваннем і самаўсхваленнем, у іх натоўп фанатаў. Сярод вядомых эстрадных артыстаў шмат нарцысаў, яны і самі кажуць, што атрымліваюць вялікае задавальненне ад энергіі зала, таго, што іх любяць і імі захапляюцца. Гэтае падмацоўванне ім патрэбнае, а таму, хутчэй за ўсё, тут можна казаць пра нарцысічны разлад.
Горшая гісторыя — нарцысы, якія прыніжаюць людзей, так званыя перверзныя. Каб трымаць сваю самаацэнку на дастатковым узроўні, ім трэба апускаць іншага чалавека. Яны яго разбураюць і прыніжаюць, каб на фоне гэтага разбуранага чалавека адчуваць, што яны лепшыя і вышэйшыя за яго, і ў выніку могуць сябе адчуваць у парадку».
Прыклад бяскрыўднага нарцыса — дзяўчына, якая прыходзіць на працу прыгожа апранутая, дэманструе, якія ў яе новыя боты ці сумачка, і збірае кампліменты. Нічога жудаснага ў гэтым няма, яна нікому не робіць дрэнна, проста збірае абажанне і захапленне, як артысты на сцэне. Калі не хочаш, не кажы ёй камплімент, але калі скажаш, ёй будзе прыемна.
Каго б з вядомых людзей Лілія назвала нарцысам? «Мне здаецца, [псеўдагуру] Сацья Дас — гэта перверзны нарцыс, мо і псіхапат.
Яшчэ б сказала пра Арастовіча — здаецца, у яго вельмі выпірае нарцысічны кампанент, але трэба глядзець, што ў яго з асабістымі адносінамі, як ён іх будуе і сябе ў іх паводзіць, наколькі ён адчувальны і таксічны.
Ёсць версія, што Кіяну Рыўз — таксама нарцыс. Пра яго ёсць легенды, які ён просты чалавек: есць хот-догі і бургеры на вуліцы, не мые галаву і ходзіць у простым адзенні. Але ёсць меркаванне, што такія паводзіны выкліканыя ўнутраным нарцысізмам, быццам гэта фанабэрыстасць ад таго, што ён такі асаблівы чалавек, не ад гэтага свету, і яму няма патрэбы лічыцца з тым, што прынята ў грамадстве. Але не думаю, што ён перверзны нарцыс.
Саладуха — проста партрэт нарцыса, мне ён уяўляецца перверзным. Качанава мне хутчэй нагадвае ахвяру псіхапата, яна быццам знаходзіцца ў сузалежнасці з Лукашэнкам. А вось ён — нарцыс і псіхапат».
«Мы нараджаемся з адчуваннем, што мы цудоўныя, і не ставімся да сябе дрэнна, пакуль бацькі не раскажуць нам, што з намі не так»
Яшчэ адзін стэрэатып пра нарцысаў — тое, што яны выбіраюць камунікацыю з людзьмі, якіх проста зламаць. Аднак Лілія запэўнівае, што калі нарцысы ўступаюць у адносіны, яны не магуць падмацаваць сваю самаацэнку з умоўна «недастойным» аб’ектам. Трэба, каб цябе пахваліў той, каго ты сам лічыш дастойным. Калі значны для цябе чалавек дае табе пацвярджэнне, што ты маеш значэнне, калі ён пастаянна дае табе словы пахвалы, любові і падтрымкі, нарцысы ў гэтым растуць. Таму яны не выбіраюць сабе слабых партнёраў, яны выбіраюць звычайна тых, хто здзейсніўся ў жыцці.
Унутры, упэўненая спецыялістка, нарцысы — няшчасныя людзі: «Калі ў іх няма знешняга падмацавання, яны скочваюцца ў стан «я — нікчэмнасць», і там ім вельмі дрэнна. Гэтым разладам займаецца псіхатэрапія, але нарцысізм ёй вельмі дрэнна паддаецца, яны могуць хадзіць да псіхатэрапеўта гадамі. Найвялікшая праблема — тое, што нарцысу вельмі цяжка прызнаць, што ў яго ёсць праблема. Ягонае адчуванне ўласнай перавагі не дае яму пабачыць, што праблема ў ім.
Калі вы чуеце ад кагосьці фразу «я сам сабе доктар і мне ніхто больш не дапаможа лепш за мяне самога» ці «ў іх у саміх праблемы, хто там здолее разабрацца», верагодна, перад вамі нарцыс. То-бок яны лічаць свае праблемы агромністымі і небывалымі — маўляў, свет такіх праблем не бачыў, і ніхто не здолее іх зразумець».
Адкуль бяруцца нарцысы? Лілія расказвае, што часта гэта выпадак дзяцей, якія адданыя самім сабе, іх часта ігнаруюць і адпрэчваюць. Такія дзеці вучацца самі падтрымліваць сваю самаацэнку, але беспаспяхова. Ім трэба было неяк выжыць у свеце дзяцінства і не разбурыцца, пры гэтым яны не мелі падмацоўвання самаацэнкі ад дарослых.
Амерыканскі псіхолаг Эрык Берн казаў: «Пакажыце мне шасцігадовае дзіця, і я скажу вам, які будзе яго лёс». Лілія тлумачыць, што існуе меркаванне, быццам да шасці гадоў у асобе дзіцяці закладаецца ўсё, што з ім здарыцца далей. Гэта адбываецца праз стаўленне да яго бацькоў і іншых значных людзей.
На думку спецыялісткі, гэта трохі перабольшана, бо ёсць і іншыя значныя людзі, напрыклад, настаўнікі, але зернятка праўды тут ёсць:
«Мы нараджаемся з адчуваннем, што мы цудоўныя, з намі ўсё добра, і не ставімся да сябе дрэнна, пакуль бацькі не раскажуць нам, што з намі не так: крывы нос, занадта высокі лоб, дрэнныя адзнакі ці нешта яшчэ.
Так дзіця прывучаецца ўспрымаць сябе праз ацэнкі бацькоў. Калі гэтых ацэнак або няма, або яны негатыўныя, можа сфармавацца нарцысічная траўма, калі дзіця вымушанае само падтрымліваць сваю самаацэнку. Не бацькі яму кажуць, што яно дастаткова добрае ўжо па факце свайго нараджэння, а яно само вымушана шукаць, хто яму скажа, што яно добрае».
Таксама нарцысы — гэта дзеці нарцысічных бацькоў. Існуе нарцысічнае пашырэнне, калі маці або бацька-нарцыс распаўсюджвае на дзіця свой уплыў і дзіця вымушанае падтрымліваць яго самаацэнку. Тады і ў дзіцяці можа сфармавацца нарцысічная траўма: яно будзе пакутаваць ад таксічнага сваяка, але ў той жа час, калі дзіця само вырасце і выйдзе ў свет, стане паводзіць сябе, як тыя маці або бацька.
«У псіхатэрапеўтаў ёсць байка пра спецыяліста, які працуе з нарцысічным разладам і бярэ вельмі дорага — здаецца, 200 даляраў за сесію»
У чым можа праяўляцца нарцысізм? Лілія называе такія якасці: «Прага пахвалы і высокай ацэнкі, адчуванне перавагі, адсутнасць спачування ад іншых людзей, можа быць патрэба адчуваць сваю перавагу за кошт прыніжэння іншых людзей, жорсткасць, хлуслівасць.
Яны ствараюць вакол сябе хлуслівае «я» і мусяць пастаянна чымсьці падмацоўваць гэты свой вобраз, вакол іх багата легендаў, і нельга ведаць дакладна, што ў іх жыцці было праўдай. Гэта выпадак Пуціна — існуе шмат легендаў пра яго».
Нарцысы баяцца блізкасці, таму не могуць ладзіць сапраўды блізкія адносіны. Ім страшна, што іншы чалавек пабачыць іх «нікчэмнасць». У нарцысаў можа не быць сумлення, бо яны могуць лічыць сябе яго меркай, маўляў, «мараль — гэта я». І ў нарцысаў, і ў псіхапатаў можа не быць унутраных пакут. Псіхапаты звычайна жывуць, ні пра што не хвалюючыся, а нарцысы могуць грызці сябе за сваю недасканаласць.
Рэч не ў тым, што яны штосьці камусьці зрабілі не так і цяпер камусьці балюча, у іх няма рэфлексій накшталт «ці не зрабіў я камусьці блага». Але яны пакутуюць ад сваёй недасканаласці — маўляў, я быў недастаткова цудоўны, дрэнна выступіў. Артысты, у тым ліку і тэатральныя, часта з-за гэтага пакутуюць, што не былі дастаткова геніяльныя.
Наўрад ці вам захацелася б атачаць сябе нарцысамі, схільнымі прыніжаць іншых. Але ж бывае, што нельга заблакаваць такога чалавека ў месенджарах і паставіць крыж на камунікацыі з ім. З іншага боку, такі варыянт не выключаны, кажа Лілія, калі гэта не вельмі блізкі сваяк, з якім абавязкова трэба падтрымліваць кантакт, хоць нарцысічныя маці дужа таксічныя.
«І з такой маці важна трымаць дыстанцыю. Нават калі яна вельмі старая і ёй трэба дапамога, можна абмежавацца функцыянальным выкананнем абавязкаў і не ўкладаць у гэта эмоцыі, бо зносіны будуць вельмі абясцэньвальнымі і маніпулятыўнымі. Калі нармальны чалавек будзе доўга камунікаваць з нарцысам, хутчэй за ўсё, пацерпіць ягоная ўласная самаацэнка і меркаванне пра сябе. Чалавек пачне лічыць, што ён усё робіць няправільна, што ён непаспяховы і яму не шанцуе.
У выпадку з нарцысам можна спыняцца на дзелавой камунікацыі — зносінах выключна па справе. Калі ваш кіраўнік — нарцыс, кантактуйце з ім выключна па абавязках: маўляў, я павінен гэта рабіць і я раблю, а сваё меркаванне пра мяне пакіньце пры сабе. Варта пастаянна падкрэсліваць, што вы не ўключаецеся ў камунікацыю эмацыйна».
Яшчэ трэба разумець, з кім вы маеце справу. Калі вы вызначылі, што камунікуеце з нарцысам, пастаянна сабе пра гэта нагадвайце. Вас прыніжаюць не таму, што з вамі нешта не так, а таму што той чалавек такі. Гэта гісторыя пра асабістыя межы, разумець іх — самая выгадная рэч у любой камунікацыі.
Калі вы ў гэтым тэксце пазналі сябе, парада Ліліі – ісці на тэрапію: «У нарцысаў вельмі складаная псіхатэрапія. Ім усё не падабаецца: тэрапеўт недастаткова добры, кабінет недастаткова прыгожы, рыбкі ў акварыуме не тыя.
У псіхатэрапеўтаў ёсць байка пра спецыяліста, які працуе з нарцысічным разладам і бярэ вельмі дорага — здаецца, 200 даляраў за сесію. Ён наўмысна прымае кліентаў у майцы-алкагалічцы і трэніках, у дабітай кватэры, саджае кліента на стары стул. Пасля гэтага атрымлівае багата абурэння — маўляў, за што я плачу? Вось так ламаецца нарцысізм — праз прывучэнне да таго, што гэты свет недасканалы».
Чытайце таксама:
«Здаецца, з Мінска з’язджаюць усе». Як захаваць сяброўства праз межы?
«Чым менш я ведаю, тым круцей сябе адчуваю». Разбіраемся з сіндромам самазванца