Былы старшыня Дзяржкантролю Анфімаў: Вольніца з разгулам дэмакратыі ў тэлеграме недапушчальная
«Інфармацыя пра падзеі 2020 года ў тэлеграм-каналах на 99,9% была няпраўдай», — перакананы Леанід Анфімаў.
15.12.2023 / 11:10
Леанід Анфімаў. Фота: БелТА
Вольніца з разгулам дэмакратыі ў тэлеграм-каналах недапушчальная. Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік генеральнага сакратара СНД, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю ў 2014-2020 гадах, Леанід Анфімаў перад 30-м пасяджэннем Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, піша БелТА.
«Калі казаць пра Беларусь, то 2020 год нас шмат чаму навучыў, калі мы дапусцілі гэтую вольніцу з разгулам дэмакратыі, дзе кожны мог у тэлеграм-каналах казаць усё, што яму ўздумаецца, прыйдзе ў галаву. І на 99,9% гэта была няпраўда», — сказаў Леанід Анфімаў.
«Вы ведаеце, я чалавек дасведчаны. І калі чытаў гэтыя паведамленні ў тэлеграм-каналах, заходзячы туды часам, проста дзіву даваўся, адкуль людзі чэрпалі гэтую інфармацыю, каб расказаць абсалютную няпраўду нашаму народу. Шмат у чым гэта паўплывала на настрой людзей», — адзначыў ён.