Аўстрыйскі мільянер, якога расшуквае Інтэрпал, уцякаў праз Мінск

Падрабязнасці шпіёнскай дзейнасці на Расію былога аперацыйнага дырэктара Wirecard Яна Марсалека распавяла The Wall Street Journal.

15.12.2023 / 12:45

Абвестка паліцыі Мюнхена аб вышуку Яна Марсалека. Фота: www.bka.de

Як піша The Wall Street Journal, у чэрвені 2020 годзе тагачасны гігант сістэмы апрацоўкі плацяжоў Wirecard паведаміў аб неплацежаздольнасці і знікненні 1,9 мільярдаў еўра наяўнымі. Амаль у той жа час яе аперацыйны дырэктар Ян Марсалек (Jan Maršálek) на прыватным самалёце з Аўстрыі прыляцеў у Мінск. Адразу пасля прызямлення мужчыну на машыне адвезлі ў Маскву, дзе ён атрымаў расійскі пашпарт на выдуманае імя.

Пасля шматлікіх міжнародных расследаванняў прадстаўнікі разведвальных, паліцэйскіх і судовых органаў у некалькіх краінах цяпер заяўляюць, што 43-гадовы ўраджэнец Аўстрыі выкарыстаў сваю плацежную кампанію для таго, каб незаконна дапамагаць Галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню Расіі і Службе знешняй разведкі Расіі пераводзіць грошы для фінансавання таемных аперацый па ўсім свеце: плаціць афіцэрам разведкі і інфарматарам, перапраўляць грошы ў зоны канфліктаў на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Марсалек таксама абвінавачваецца ў дапамозе ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына. Па даных заходняй разведкі, цяпер мужчына пражывае ў Дубаі і па даручэнні расійскіх чыноўнікаў удзельнічае ў рэканфігурацыі бізнэс-імперыі Прыгожына ў Афрыцы.

У той жа час гэтыя заходнія чыноўнікі падазраюць, што Марсалек збіраў інфармацыю аб замежных кліентах мюнхенскай Wirecard, у першую чаргу пра галоўнае разведвальнае агенцтва Германіі (BND) і Федэральнае агенцтва крымінальнай паліцыі Германіі (BKA), а затым перадаваў яе Маскве. Прадстаўнікі разведкі заявілі, што ім прыйшлося змяніць месца жыхарства і стварыць новыя імёны для некаторых людзей, якія, магчыма, былі скампраметаваныя.

У былыя часы Wirecard была гігантам інтэрнэт-плацяжоў, якая сваімі абаротамі пераўзыходзіла PayPal i Square, апрацоўваючы ў год транзакцыі на 140 мільярдаў даляраў. Сам Марсалек любіў багатае жыццё: зарабляючы мільёны даляраў, мужчына падарожнічаў па свеце на прыватных самалётах. Як згадваюць яго былыя калегі, Марсалек таксама быў апантаны светам шпіянажу і часта рабіў намёкі на свае сувязі з афіцэрамі разведкі. А на сваім стале трымаў статуэтку Уладзіміра Пуціна.

Ян Марсалек нарадзіўся ў невялічкім гарадку недалёка ад Вены ў 1980-м годзе. Яго дзед — Ганс Марсалек — этнічны чэх, камуніст і баец супраціўлення, які перажыў канцэнтрацыйны лагер. Пасля вайны ён стаў сузаснавальнікам арганізацыі, якая пазней аформілася як аўстрыйская разведвальная служба.

У гэтым годзе аўстрыйскі гісторык Томас Рыглер (Thomas Riegler) грунтуючыся на падказках, знойдзеным у архівах, выказаў здагадку, што Ганс хутчэй за ўсё быў двайным агентам, які працаваў на Савецкі Саюз.

Сам жа Ян, не атрымаўшы пасведчання аб сярэдняй адукацыі, самастойна навучыўся камп'ютарнаму праграмаванню і адкрыў сваю першую кампанію па продажы праграмнага забеспячэння ў 1999 годзе, калі яму было 19 гадоў.

Праз год ён далучыўся да Wirecard, якая тады ў асноўным аказвала аплатныя паслугі порнасайтам і сайтам азартных гульняў. Кампанія хутка расла, яе акцыі ўвайшлі ў індэкс «блакітных фішак» Dax-30. Гэта быў рэдкі для нямецкай гісторыі выпадак поспеху ў сферы тэхналогій.

Wirecard карысталася такім аўтарытэтам у Германіі, што тагачасная канцлерка Ангела Меркель прасіла кітайскага лідара Сі Цзіньпіна, каб той дазволіў кампаніі атрымаць доступ да кітайскага рынку.

Былая рэзідэнцыя Яна Марсалека ў Мюнхене. Фота: Wikimedia Commons

Двое былых дзелавых партнёраў Марсалека паведамілі, што мужчына расказаў ім аб сваёй працы як на расійскія спецслужбы, так і на іх заходніх калег. Марсалек выхваляўся, што падарожнічаў з расійскімі партнёрамі ў Лівію і Сірыю, і гаварыў, што займаўся пераводамі сродкаў для расійскіх сілавікоў і наймітаў.

Служба знешняй разведкі Германіі (BND) і Федэральнае агенцтва крымінальнай паліцыі Германіі (BKA) паведамілі парламенту ў ходзе публічнага расследавання, што яны выкарыстоўвалі крэдытныя карты Wirecard і банкаўскія рахункі для сваіх агентаў за мяжой і аплаты інфарматараў унутры краіны і за мяжой.

Прадстаўнікі службы бяспекі Германіі заяўляюць, што сапраўдныя асобы агентаў не звязаны з таемнымі банкаўскімі рахункамі, таму здольнасць Марсалека перадаваць Расіі канфідэнцыйныя дадзеныя аб дзейнасці Германіі была абмежавана.

Але, па словах чыноўнікаў, знаёмых з расследаваннем, Марсалек меў доступ да псеўданімаў агентаў і мог адсочваць некаторыя іх перамяшчэння і дзеянні, маючы інфармацыю аб плацяжах і пакупках.

Па словах следчых і супрацоўнікаў разведкі, Марсалек, які ў якасці кіраўніка лётаў па ўсім свеце, абраў Расію ў якасці свайго найбольш частага пункта прызначэння, здзейсніўшы дзясяткі паездак туды за гады да таго, як яму прыйшлося збегчы ў Маскву.

Брытанскія пракуроры сцвярджаюць, што з 2020 па 2023 год Марсалек кіраваў групай з пяці балгараў, якія пражываюць у Вялікабрытаніі. Групу абвінавачваюць, сярод іншага, у садзейнічанні плану расійскай дзяржавы па выкраданні людзей у Брытаніі і за яе межамі, а таксама ў арганізацыі аперацыі па сачэнні ў Чарнагорыі. Цяпер яны знаходзяцца пад следствам.

Нягледзячы на тое, што Марсалек знаходзіўся ў спісе самых шуканых Інтэрпалам, у 2021 годзе яму ўдалося, выкарыстоўваючы чэшскі пашпарт (адзін з дзясяткаў, якія ён мае), стварыць кансалтынгавую фірму ў Лондане. Следчыя лічаць, што хутчэй за ўсё фірма выкарыстоўвалася для маршрутызацыі плацяжоў шпіёнскай сеткі. У мінулым годзе яна закрылася.

У той час, як над былым генеральным дырэктарам Wirecard Маркусам Браўнам адбываецца суд па абвінавачванні ў махлярстве і іншых злачынствах, Ян Марсалек знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Улады Германіі выдалі міжнародны ордар на яго арышт.

Браўн адмаўляе сваю вінаватасць, а яго адвакат заяўляе, што былы генеральны дырэктар нічога не ведаў аб шпіёнскай дзейнасці Марсалека.

Чытайце яшчэ:

МУС пахваліўся, што Інтэрпал аднаўляе супрацу з Беларуссю. Якія ёсць выпадкі выдачы грамадзян за апошні час?

У Швейцарыі за шматлікія крадзяжы затрымалі чатырох хлопцаў, сярод іх і беларус

Новыя падрабязнасці дзейнасці расійскай шпіёнскай сеткі, раскрытай у Польшчы

Антось Жупран