«Я не мяняў нумар». Макрон заявіў, што гатовы размаўляць з Пуціным пра спыненне вайны ва Украіне
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што адкажа на тэлефанаванне Уладзіміра Пуціна, калі ў прэзідэнта Расіі будуць «сур'ёзныя прапановы» наконт усталявання міру ва Украіне. Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі па выніках саміту лідараў Еўрасаюза ў Бруселі, піша «Медуза».
16.12.2023 / 11:04
Эмануэль Макрон. Фота: Alex Brandon / AP
«Я не мяняў свой нумар [тэлефона]», — сказаў Макрон.
Так ён пракаментаваў словы прэзідэнта Расіі на прамой лініі пра тое, што Макрон перастаў з ім камунікаваць.
Французскі лідар адзначыў, што гэта не ён развязаў вайну, «парушаючы дамовы», і гэта не Францыя «здзяйсняла ваенныя злачынствы ва Украіне, што робіць практычна немагчымым дыялог».
«Калі ў прэзідэнта Пуціна ёсць жаданне да дыялогу і сур'ёзныя прапановы па прасоўванні наперад, выхаду з канфлікту [ва Украіне] і пабудове трывалага міру, гэта значыць з павагай да міжнароднага права і, такім чынам, да інтарэсаў і суверэнітэту Украіны, я прыму тэлефанаванне», — заявіў прэзідэнт Францыі.
Падчас прамой лініі 14 снежня Уладзімір Пуцін заявіў, што гатовы да кантактаў з Макронам, але адносіны з Францыяй былі спыненыя па ініцыятыве яе прэзідэнта. Са слоў Пуціна, ён «не ўхіляецца ад гэтых кантактаў», але калі Макрон не жадае размаўляць.
«У нас былі дастаткова добрыя працоўныя адносіны. Я, як вы ведаеце, у Францыі бываў, спадар Макрон прыязджаў у Расію. Але з нейкага моманту прэзідэнт Францыі спыніў з намі камунікацыю. Не мы ж спынілі, не я ж спыніў. Гэта ён спыніў. Калі ёсць цікавасць — калі ласка, мы гатовыя», — сказаў Пуцін.
Макрон — адзін з галоўных сусветных лідараў, хто спрабаваў весці перамовы з Уладзімірам Пуціным перад вайной ва Украіне і пасля яе пачатку.