У Ватыкане ўпершыню па крымінальнай справе асудзілі кардынала
За два даказаныя крадзяжы 75-гадовы кардынал Анджэла Бечу прысуджаны да 5,5 гадоў зняволення, да «вечнага выгнання з дзяржаўнай пасады» і штрафу на суму 8 тысяч еўра. Гэта самы высокапастаўлены святар Каталіцкай царквы, які паўстаў перад звычайным крымінальным судом Ватыкана.
17.12.2023 / 16:43
Кардынал Анджэла Бечу ў 2018 годзе. Фота: Alessandra Benedetti — Corbis/Corbis via Getty Images
Разам з высокапастаўленым святаром па справе аб махлярстве, злоўжываннях, наданні хлуслівай інфармацыі, карупцыі, адмыванні грошай, апублікаванні сакрэтных дакументаў праходзіла яшчэ 9 чалавек, гаворыцца ў прэс-рэлізе службы друку Святога Пасаду.
Падсудныя абвінавачваліся ў набыцці нерухомасці для Святога Пасаду ў Лондане з парушэннямі і злоўжываннямі.
Працэс доўжыўся 2,5 года. Следства ацэньвала «фінансавую ўцечку» ў больш чым 200 млн еўра.
Экс-менеджар Чэчылія Маронья, з якой Бечу звязвалі асабліва даверныя стасункі, прысуджаная да трох гадоў і 9 месяцаў турмы. Іншым прысудзілі розныя тэрміны, якія не перавышаюць 7,5 года, і розныя штрафы.
Раней Бечу быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады прэфекта Кангрэгацыі праслаўлення святых, адрачыся ад правоў, звязаных з кардынальскім санам, і быў фактычна адхілены ад курыі ў верасні мінулага года ў сувязі з падазрэннямі аб яго датычнасці да гэтага гучнага фінансавага скандалу.
Чытайце таксама:
Лукашэнка павіншаваў Папу Францішка з днём нараджэння
Ватыкан пацвердзіў забарону для каталікоў станавіцца масонамі