Колькасць самалётаў, што лётаюць праз беларускую паветраную прастору, скарацілася ў 10 разоў

У 2019 годзе праз паветраную прастору Беларусі кожныя суткі пралятала да 1300 самалётаў розных авіякампаній, з тых часоў іх колькасць скарацілася ў разы.

18.12.2023 / 08:44

Больш за два з паловай гады, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску рэйсу Ryanair Афіны — Вільня з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай на борце, заходнія авіякампаніі лётаюць у абыход Беларусі.

Асноўны трафік прыносяць расійскія перавозчыкі, перш за ўсё «Аэрафлот»: цяпер колькасць расійскіх рэйсаў у Беларусь дасягнула рэкордных значэнняў. Але пасля развязанай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, яны таксама не лётаюць у Еўропу.

«Праз Беларусь здзяйсняецца крыху больш за 100 палётаў у суткі — 120-130. Але гэта лічба непастаянная. Сярэдзіна тыдня заўсёды прасядае, а ў выхадныя дні і святы колькасць рэйсаў павялічваецца, у тым ліку за кошт чартарных», — распавёў «Спутніку» намеснік начальніка Мінскага аэрадромнага дыспетчарскага цэнтра Андрэй Налівайка.

Nashaniva.com