Зяленскі ці Залужны — каму ўкраінцы давяраюць больш? Вынікі сацапытання

Давер грамадзян Украіны да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага знізіўся з 84% у снежні 2022 года да 62% у снежні 2023-га. Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі апублікаваў вынікі апытання, праведзенага з 29 лістапада па 9 снежня 2023 года, піша «УП».

18.12.2023 / 14:23

Валерый Залужны і Уладзімір Зяленскі. Фота: Alexey Furman / Getty Images

Па выніках апытання, Уладзімір Зяленскі, нягледзячы на некаторае падзенне рэйтынгу, захоўвае пераважны давер сярод украінскай грамадскасці.

Так, зараз 62% апытаных давяраюць прэзідэнту Украіны, а не давяраюць — 18%. У снежні 2022 года 84% давяралі яму, не давяралі — 5%. Адпаведна, калі баланс даверу-недаверу ў снежні 2022 года для прэзідэнта складаў +80%, то зараз ён складае +42%.

«Гэта значыць, з аднаго боку, бачым істотнае зніжэнне, але, з другога боку, ён застаецца адназначна станоўчым са значнай перавагай тых, хто давярае прэзідэнту, у параўнанні з тымі, хто яму не давярае», — паказваюць сацыёлагі.

Абсалютны давер у грамадстве захоўваюць Узброеныя сілы Украіны — як і ў снежні 2022 года, так і зараз 96% давяраюць УСУ.

Акрамя гэтага, 88% украінцаў давяраюць галоўнакамандуючаму Валерыю Залужнаму (не давяраюць — толькі 4%).

Таксама сацыёлагі паказваюць на тое, што ў бягучай сітуацыі важна разумець, як «перасякаюцца» палі даверу да прэзідэнта і галоўнакамандуючага. Большасць украінцаў, або 59%, адначасова давяраюць і прэзідэнту Украіны, і галоўнакамандуючаму.

Доля ўкраінцаў, якія маюць палярызаваныя погляды, зʼяўляецца дастаткова невялікай. Толькі 14% давяраюць галоўнакамандуючаму і пры гэтым не давяраюць прэзідэнту, і толькі 1% ​​давярае прэзідэнту, але не давярае галоўнакамандуючаму.

Чытайце таксама:

У кабінеце Залужнага знайшлі «праслухоўку» — РБК-Украіна

Зяленскі кантактуе з камандуючымі УСУ ў абыход Залужнага, што перашкаджае таму камандаваць арміяй — УП

Вайна ва Украіне будзе бясконцай? Вось што мяркуе эксперт

Nashaniva.com