У Харкаўскай вобласці беларускі добраахвотнік стрэліў у пабраціма
Надзвычайнае здарэнне адбылося 4 снежня ў Купянскім раёне, які застаецца адным з найбольш складаных кірункаў баявых дзеянняў.
18.12.2023 / 15:30
Літара «к» у слове край адвалілася. Фота: «Радыё Свабода»
Ва Украіне расследуюць крымінальную справу, якую завялі па факце ранення вайскоўцам Узброеных сіл Украіны, грамадзянінам Беларусі, свайго ўкраінскага калегі.
Як стала вядома «Радыё Свабода», надзвычайнае здарэнне адбылося 4 снежня ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.
4 снежня прыкладна а 8-й гадзіне вечара ў часовай дыслакацыі адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны беларус, які служыць стралком, стрэліў з аўтамата Калашнікава, трапіўшы ў жывот іншага вайскоўца. Грамадзянства пацярпелага не ўдакладняюць.
Справу расследуе ўпраўленне Дзяржаўнага бюро расследаванняў у Харкаўскай вобласці.
Вядома, што вайсковец атрымаў скразное раненне ў жывот. На месца здарэння ў той жа дзень накіравалі выканаўцу абавязкаў следчага Купянскага раённага аддзялення паліцыі, які агледзеў месца здарэння і сабраў усе неабходныя рэчавыя доказы. Пацярпелага эвакуавалі з месца здарэння для аказання медычнай дапамогі. Ягоны стан невядомы.
Здарэнне пакуль расследуюць паводле ч. 1 артыкулу 414 Крымінальнага кодэксу Украіны — парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, якое прывяло да цялесных пашкоджанняў пацярпелага або стварыла небяспеку для наваколля.