Барыса Акуніна ўнеслі ў спіс тэрарыстаў і экстрэмістаў у Расіі
Пісьменнік патрапіў у спіс пад сваім сапраўдным імем — Грыгорый Чхарцішвілі.
18.12.2023 / 16:00
Расійскага пісьменніка і выдаўца Барыса Акуніна ўнеслі ў пералік «тэрарыстаў і экстрэмістаў» Расфінманіторынгу.
На мінулым тыдні продажы ягоных кніг прыпынілі праз яго выказванні супраць Расіі. Следам за выдавецтвам АСТ такое рашэнне прыняла аб'яднаная сетка «Чытай-горад — Букваед».
Барыс Акунін (нар. у 1956 г. у Грузіі) паслядоўна выступае супраць вайны ва Украіне і крытыкуе Пуціна, з 2014 года ён жыве ў Лондане.
Барыс Акунін — вялікі знаўца японскай літаратуры, але найбольш вядомы серыямі раманаў пра сышчыка Эраста Фандорына і манашку Пелагею, а таксама кніг па «Гісторыі Расійскай дзяржавы». Ён таксама быў рэдактарам серыі дэтэктываў «Лекі ад суму».
У сакавіку 2022 года Барыс Акунін з Міхаілам Барышнікавым і Сяргеем Гурыевым запусціў дабрачынны праект «Сапраўдная Расія» (True Russia), накіраваны на збор сродкаў на карысць украінскіх бежанцаў. 24 мая 2022 года сайт «Сапраўднай Расіі» быў заблакаваны па рашэнні Расійскай Генпракуратуры.