Беларускае балота Ельня аказалася куды старэйшым, чым лічылася
Навукоўцы вывучылі ўзрост самага вядомага беларускага балота з унікальнай экасістэмай, якое па плошчы параўнальнае з Мінскам. Яно знаходзіцца ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Навуковую экспедыцыю арганізавала агенцтва экскурсій YelnyaTrip разам з Інстытутам прыродакарыстання НАН.
18.12.2023 / 22:20
Панарама балота Ельня з экалагічнай сцежкі. Фота: Wikimedia Commons
Удзельнікі экспедыцыі мелі намер даследаваць тарфяныя залежы ў месцах самага глыбокага іх залягання. Паводле даных разведкі 50-х гадоў, найбольшая глыбіня складала 8,3 метра.
Аднак пры спробе знайсці такую глыбіню каманда ўтапіла ў балотных нетрах свердзел. Таму фактычная максімальная глыбіня, якую ўдалося знайсці ў ходзе экспедыцыі, склала 7,25 м.
Атрыманы матэрыял вывучалі метадам радыёвуглероднага аналізу, дакладнасць якога складае амаль 98%. У выніку выявілася, што ніжнія пласты балота сфармаваліся ў дыяпазоне 12 821 — 13 114 гадоў таму.
Такім чынам высветлілася, што балота нашмат старэйшае, чым лічылі навукоўцы. Раней лічылася, што яму каля 9 тысяч гадоў.
Экспедыцыю часткова правялі на грошы, сабраныя неабыякавымі грамадзянамі. Кампанія сабрала 60 данатаў пераводамі ад 3 да 200 рублёў, што склала палову той сумы, якая патрабавалася. Астатнюю частку пакрылі самі ўдзельнікі экспедыцыі.
Чытайце таксама:
Кнігу пра пінскія балоты намінавалі на прэмію гістарычнай кнігі года ў Польшчы
«Лічу сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі». Як жыве жанчына пасярод балота
У Лёзненскім раёне ратавальнікі выцягнулі з балота каня. Загруз па самую шыю