Валер Кавалеўскі пакідае Літву
Асоба Валерыя Кавалеўскага, намесніка Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах, была іранічным прыкладам, які беларускія аналітыкі прыводзілі літоўскім чыноўнікам: «Калі вы высылаеце афіцэраў запасу, то трэба пачынаць з Кавалеўскага, у якога ў анамнезе і ваенная кафедра, і праца ў МЗС». Жарты жартамі, але Кавалеўскі сапраўды пакідае Літву. Што здарылася?
19.12.2023 / 11:31
Як стала вядома «Нашай Ніве», міністр замежных справаў у Аб'яднаным пераходным кабінеце, дыпламат Валерый Кавалеўскі, які апошнія тры гады працаваў побач са Святланай Ціханоўскай у Вільні, пакідае Літву.
Адбываецца гэта на фоне пастражэння стаўлення Літвы да беларускіх мігрантаў: новыя дазволы на жыхарства не выдаюцца, а старыя не працягваюцца для многіх тых, хто некалі служыў у Беларусі ў дзяржаўных ці сілавых органах.
Ці не адбылося тое ж самае і з Кавалеўскім? Ён будаваў кар'еру ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, а таксама скончыў ваенную кафедру і тэхнічна з'яўляецца афіцэрам запасу.
«Наша Ніва» спытала гэта проста ў дыпламата. Ён кажа, што нюансы з дазволам на жыхарства сапраўды ёсць, але гэта супадзенне.
«Мой пераезд у Варшаву не звязаны з дакументамі, хоць гэта і супала са сканчэннем тэрміну дзеяння літоўскага ДНЖ.
Прайшло 3 года працы ў Вільні — гэта звычайны тэрмін для дыпламата ў адной сталіцы.
У Варшаве знаходзіцца большая частка прадстаўнікоў кабінета, знаходжанне ў адным горадзе паспрыяе эфектыўнасці супольнай працы. Мяняецца горад, але пры гэтым мае абавязкі застаюцца нязменнымі», — сказаў Кавалеўскі.
Чытайце таксама:
Валер Кавалеўскі абмеркаваў паглыбленне парламенцкага супрацоўніцтва з Ісландыяй