Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў?

першая частка

Беларускія чыноўнікі і самі па сабе палахлівыя і непублічныя. А з улікам таго, што іх начальнік ніколі не з'яўлецца на публіцы са сваёй жонкай, то і бюракраты сваіх абранніц хаваюць, у афіцыйным кадры іх поўныя сем'і не ўбачыш. З дапамогай базаў «Белпола» «Наша Ніва» паказвае, як выглядаюць абранніцы тых, хто вызначае жыццё краіны.

21.12.2023 / 19:20

Ірына Паршута (Галоўчанка)

Ірына Паршута, маладая жонка прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі, станам на 2021 год працавала ў дачцэ аўстрыйскай тэлекамунікацыйнай кампаніі Kapsch TrafficCom, якая прапануе ІТ-рашэнні для перавозак.

Алена Сергеенка

Жонка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, галоўнага па кадрах у Лукашэнкі — Ігара Сергеенкі. 

З 2014 года Алена Віленаўна на пенсіі, а да таго працавала рэнтгенлабарантам у анкалагічным дыспансеры.

Кацярына Андрэйчанка

Жонка доўгажыхара лукашэнкаўскай сістэмы, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі таксама пенсіянерка. А раней працавала ў Віцебскім аблвыканкаме пад кіраўніцтвам мужа. Ён пераехаў у Мінск у 2008-м, а Кацярына працавала ў абласным цэнтры яшчэ да 2012 года.

Антаніна Кубракова

 

Жонка цяперашняга кіраўніка лукашэнкаўскага міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова дагэтуль фармальна ягоная падначаленая. У запісе аб працы пазначана, што яна — памочніца доктара-эпідэміёлага ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тыла МУС.

Святлана Церцель

А гэта жонка старшыні КДБ Івана Церцеля. Святлана робіць у арганізацыі, якая аказвае мытныя паслугі — «Знешеўрасэрвіс». Да таго працавала ў «Белмытсэрвісе».

Забаўна, што ў 2021-м у той самы «Знешеўрасэрвіс» з маскі-шоу і вобшукамі прыйшлі прадстаўнікі канкуруючай арганізацыі — з ДФР. Ці пацярпела сама Святлана падчас аблаваў у офісах, невядома.

Таццяна Караева

Жонка сумнавядомага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які цяпер працуе памочнікам Лукашэнкі па Гродзеншчыне. 

У чым яна спецыялістка, дакладна зразумець з выпісак немагчыма. Існуе запіс, што да 2013 яна працавала ў дзяржаўным аб'яднанні «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі». Потым, нібыта, галоўным спецыялістам Упраўлення інфармацыйных тэхналогій ў дэкаратыўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Алена Сукалінская (Каранік)

Брунэтка з доўгімі падвяснымі завушніцамі — Алена Сукалінская, жонка губернатара Гродненскай вобласці Уладзіміра Караніка, у мінулым — міністра аховы здароўя, пры актыўным бяздзеянні якога кавід выкасіў дзясяткі тысяч беларусаў.

Сама Сукалінская — паважаны доктар, кандыдат навук, загадчыца лабараторыі супрацьпухліннай лекавай тэрапіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава.

Ларыса Калаўр

Бландзінка з блакітнымі вачыма — жонка шматгадовага старшыні Нацбанка Паўла Калаўра. 

Як і муж, Ларыса — нядробная фігура ў банкаўскім сектары. З 2015 году яна працуе выканаўчай дырэктаркай дзяржаўнага банка «Дабрабыт», раней ён называўся «Масква-Мінск». З мужам у яе, у тэорыі, павінны быць прафесійныя перасячэнні, бо банкаўскія чыноўнікі яе ўзроўню як мінімум павінны праходзіць атэстацыю Нацбанка. 

Галіна Грыб

Бландзінка з хвалістымі валасамі і з завушніцамі ў вушах — жонка начальніка мінскай міліцыі Міхаіла Грыба, Галіна Грыб. Паводле інфармацыі з выпісак, месцам працы было ўказана загадкавае ТАА «Бі-Альп», якое не гугліцца.

Але вось што гугліцца, дык гэта тое, што на поўную цёзку Галіны з эзатычным імём па бацьку — Раальдаўна, — ужо 9 год адкрыта ІП, асноўны від дзейнасці якога — аптовы гандль тэкстыльнымі таварамі. 

Таксама Галіна Раальдаўна перыядычна шукае сабе рознарабочых, у прыватнасці, для працы ў цяпліцы. 

Ірына Наскевіч

Ледзі з кароткай стрыжкай і з цяльняшкавым каўнерам — Ірына Наскевіч, жонка былога старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча, які ў свой час адзначыўся ўвядзеннем практыкі крымінальнай адказнасці за ўдзел у мітынгах.

Ірына Наскевіч — правізар-рэцэптар у «Белфармацыі». 

Апошняе, што было чуваць пра яе мужа — ён беспрацоўны.

Марына Сівак 

Жонка віцэ-прэм'ера Анатоля Сівака, Марына Сівак, працуе ў Беларускай чыгунцы і мае складаную тэхнічную спецыялізацыю.

Марына Валер'еўна — вядучы інжынер тэхнічнага аддзела службы арганізацыі і планавання капітальнага будаўніцтва. Мае прафесійныя ўзнагароды. 

Яе муж раней значальваў і Белчыгунку, і Міністэрства транспарту.

Ірына Снапкова

Жонка першага франта Саўміна, намесніка прэм'ер-міністра Мікалая Снапкова. 

У базе маецца запіс, што працавала ў НАН Беларусі навуковым супрацоўнікам. 

Nashaniva.com