У Гомелі на суткі адправілі кіраўніцу праўладнага прафсаюза
Таццяна Хацкова працуе старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы была адна-адзіная спасылка на «экстрэмісцкую» інтэрнэт-групу. У судзе жанчына казала, што губляла тэлефон, і гэтую спасылку ад яе імя размясціў хтосьці іншы. Але гэта ёй не дапамагло, паведамляе «Гомельская вясна».
19.12.2023 / 16:21
Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна горада Гомеля 4 снежня. Хацкова патлумачыла, што яна гэтай спасылкі не размяшчала, аднак сёлета нібыта губляла свой мабільны тэлефон, а таму мяркуе, што спасылка магла быць размешчана іншай асобай. Адносна страты тэлефона грамадзянка нікуды не звярталася, а праз нейкі час тэлефон быў вернуты ёй невядомай асобай.
Неўзабаве прафсаюзную дзяячку затрымала міліцыя і склала пратакол па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, вырабленне, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць»).
Суддзя Сяргей Кармановіч палічыў, што «якіх-небудзь дакладных звестак, якія пацвярджаюць выбыццё з валодання Хацковай яе мабільнага тэлефона», няма, і падвергнуў яе арышту на 15 сутак.
Чытайце таксама:
Мінчукі ў міні-чаце абураліся расійскай агрэсіяй. Завялі крыміналку за рэабілітацыю нацызму
Яшчэ адзін прысуд за фінансаванне палка Каліноўскага. Пяць гадоў калоніі за 1200 рублёў данатаў
За нацыянальную сімволіку на працоўных месцах затрымалі швачак «Элемы»