Суд у Польшчы вынес прысуд чальцам «расійскай шпіёнскай сеткі». Сярод іх ёсць і беларусы
Люблінскі суд у аўторак вынес прысуд 14 чальцам «расійскай шпіёнскай сеткі», якія планавалі тэракты і дыверсіі на тэрыторыі Польшчы. Сярод абвінавачаных былі ўкраінцы, два беларускія студэнты і адзін расеец, гулец польскай хакейнай каманды, перадае партал Onet.
19.12.2023 / 18:06
Беларуска Марыя Мядзведзева, адна з абвінавачаных па справе расійскай шпіёнскай сеткі ў Польшчы. Фота: яе інстаграм
«Усім была пастаўлена ў віну частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Польшчы (шпіянаж). Некаторыя з абвінавачаных былі часткай арганізаванай злачыннай групы, таму яны дадаткова праходзяць па адпаведнай частцы 1 артыкула 65 КК», — сказаў суддзя Яраслаў Кавальскі, абвяшчаючы вердыкт.
Як адзначае Onet, першапачаткова ўсе злоўленыя шпіёны прызналі сябе вінаватымі і хацелі добраахвотна супрацоўнічаць са следствам, аднак пазней двое фігурантаў вырашылі адмовіцца ад супрацоўніцтва і прызнання віны. Па іх будзе асобны суд за шпіянаж «на агульных умовах».
«Найбольшае пакаранне ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі атрымаў Арцём А. А самае мінімальнае ў год і месяц турмы — Марыя М. (беларуска Марыя Мядзведзева, якая адвучылася ў Мінску на факультэце журналістыкі БДУ і мінулай восенню вырашыла перавесціся ў Варшаву, ва Універсітэт эканомікі і гуманітарных навук. — НН).
Усе асуджаныя таксама павінны заплаціць 5 тысяч злотых на карысць фонду правасуддзя. Акрамя таго, яны заплацяць штраф у памеры ад некалькіх дзясяткаў тысяч злотых», — перадае Onet.
Рашэнне Люблінскага акруговага суда не мае канчатковай сілы. Пракуратура задаволеная рашэннем суддзі. Тры асуджаныя хутка будуць вызваленыя, бо з сакавіка гэтага года яны знаходзяцца пад вартай і змогуць падаць заяву на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, падкрэслівае Onet.
Нагадаем, сёлета польскія спецслужбы заявілі, што разграмілі расійскую шпіёнскую сетку. Усяго па справе былі затрыманыя 22 грамадзяніны Беларусі, Расіі і Украіны.
Паводле версіі польскага боку, яны вялі назіранне за вайсковымі аб'ектамі, інфраструктурай і нават рыхтавалі дыверсіі на чыгунцы, накіраваныя супраць паставак ва Украіну вайсковых і гуманітарных грузаў.
Чытайце таксама:
У Варшаве 24-гадовы беларус пагражаў пісталетам. Яго дэпартавалі
У Польшчы пачаўся суд над двума беларусамі, якіх абвінавачваюць у шпіянажы
10 гадоў пазбаўлення волі далі Аляксандры Каско, якая вярнулася з-за мяжы ў Беларусь
Затрыманы за дыверсію ў расійскім тунэлі беларус — шматдзетны бацька, які не змаўчаў у 2020-м