«Мне казалі, што я дурная і мне трэба ў спецшколу». 18-гадовая рокерка — пра дыслексію, падлеткаў і дэпрэсію
Ульяна Паўловіч — хіба не наймаладзейшая рокерка Беларусі: дзяўчына пачала спяваць у сваім гурце Atesta, калі ёй было ўсяго 13. Паралельна яна змагалася з дыслексіяй — і гэта зусім не проста. Пагутарылі з Уляй пра яе гісторыю і гурт.
25.12.2023 / 16:33
«Думаеш: можа, я сапраўды дурная, не магу літаркі адрозніваць»
Ульяна спявае з 2018 года, тады ж і з'явіўся гурт Atesta. Яна ў гурце з першых дзён і называе сябе адной з яго арганізатарак: дзяўчына піша песні, часткова робіць аранжыроўкі.
«У мяне тата займаецца музыкай ужо шмат гадоў, мае ў гэтым вялікі досвед. Мы жылі ва ўласным доме, і прыбудова да яго — наша ўласная студыя, яна ў бацькі ўжо даўно. Так што я проста была ў гэтай тусоўцы з дзяцінства і ў пэўны час пайшла спяваць.
Так склалася, што музыка была для мяне найбліжэйшая і найбольш зразумелая за ўсё астатняе».
Як узнік гурт? Спачатку Ульяна прапрацоўвала татаў матэрыял са старых малавядомых праектаў, а потым з’явіліся музыкі. Бацька дзяўчыны, Аляксей Паўловіч, на той час граў у металёвым гурце «Тарнада». Ён пачаў падпісваць музыкаў адтуль: маўляў, запішыце нам гітару, сыграйце з намі на канцэрце.
Потым з’явіліся ўласныя песні дзяўчыны. Гурту патрэбная была назва, і каманда ўзяла слова Atesta — гэта назва аднаго са старых праектаў Аляксея. Тата выступае разам з Ульянай.
Чаму выбралі менавіта рок? «Мне здаецца, мая музыка больш падобная да індзі, а то і на поп-музыку, як бы я ні хацела ад гэтага адмовіцца. Ды і ўсё жыццё каля мяне быў рок — гэта нешта блізкае, зразумелае. Гэта цяпер я вучуся іншым стылям, нешта само нараджаецца ў мяне ў сэрцы», — тлумачыць Ульяна.
У школе Ульяна не была выдатніцай. І рэч не толькі ў музыцы, а ў тым, што ў дзяўчыны дыслексія — а з гэтым парушэннем няпроста вучыцца:
«Большасць маіх школьных настаўнікаў проста не ведала, што гэта такое. Калі я спрабавала ім патлумачыць, мне казалі, што я дурная і мне трэба ў спецшколу. Вельмі хутка зразумела, што нічога тлумачыць не трэба, буду проста хадзіць у школу і атрымоўваць свае двойкі. Тым больш час у мяне быў заняты музыкай, я вучылася спяваць, граць на гітары, пісаць, а хатняе заданне рабіла на перапынках.
Дыслексія і дагэтуль перашкаджае жыццю. Калі я зразумела, што яна ў мяне ёсць, я ўсвядоміла, як з ёй трэба працаваць, а калі ты яе не ўсведамляеш, думаеш — можа, я сапраўды дурненькая, не магу літаркі адрозніваць. Па факце яны проста скачуць перад табой, словы блытаюцца. Калі я бачу слова, я яго не чытаю і не складаю з літарак, я яго проста дазнаюся. Словы, падобныя паміж сабой, я магу паблытаць».
Настаўнікі дзяўчыны доўгі час казалі ёй, што ў іх няма ніякай праграмы для дыслексікаў, што толькі ў спецшколе могуць дапамагчы Ульяне. Хоць такая сістэма адукацыі ёсць: там крыху іншыя заданні і сістэма праверкі ведаў.
Цяпер беларуска вучыцца ў польскай паліцэальнай школе і дзівіцца паважліваму стаўленню настаўнікаў, нягледзячы на яе дыслексію.
І гэта вельмі важна, тлумачыць Ульяна: «Калі жывеш з дыслексіяй, пачынаеш не верыць у сябе, бо табе кажуць, што дыслексіі не існуе і ты проста дурная. А потым трапляеш у сітуацыю, дзе людзі ведаюць, што такое існуе і гэта нармалёва, і тады вучышся давяраць сваім адчуванням, думкам, нават проста вачам. З аднаго боку, дыслексія — гэта вельмі непрыемна і цяжка, а з іншага — цікавы досвед, калі ён ужо перажыты і ў ім ужо не знаходзішся».
«Пад’ехаў незнаёмы мужчына ў чорным, сфатаграваў дом і сцяг»
2020 год пачынаўся для гурта добра, і здавалася, што гэта час росту. А потым здарыліся пандэмія, выбары і пратэсты ў Беларусі, і выступаць камандзе стала значна цяжэй. Складаней стала атрымаць гастрольнае пасведчанне, паменшала клубаў, дзе можна выступаць, ды і проста ўзнік фактар небяспекі.
«Пасля 2020-га былі канцэрты, ад якіх мы адмаўляліся, бо разумелі, што можам з гэтага канцэрта з’ехаць у аўтазаку, гэта для нас небяспечна. Давялося выступаць падпольна, канцэртаў стала менш — напрыклад, мы ладзілі дваравыя выступы ў Зацані, дзе я жыла.
У Беларусі пасля 2020-га стала так: калі ты недзе выстрэльваеш, на цябе звяртаюць увагу не толькі слухачы, але і мянты. Ты бачыш, што не ва ўсіх пабліках цяпер можна даваць рэкламу, не з усімі гуртамі спяваць, бо да іх на канцэрт прыйдзе мент, і калі гэта вельмі бачны гурт, ніхто не ведае, што з гэтага выйдзе. Зніклі амаль што ўсе фестывалі, а на тыя, што засталіся, нас не бралі. Мы маглі толькі выступаць у клубах накшталт «Графіці» або TNT, а на такія канцэрты прыходзіць толькі твая аўдыторыя», — згадвае Ульяна.
А потым сям’я стала заўважаць, што імі цікавяцца ўлады. На доме Паўловічаў вісеў бел-чырвона-белы сцяг, і аднойчы, калі ўнутры нікога не было, да хаты пад’ехаў незнаёмы мужчына ў чорным, падобны да ціхара. Ён сфатаграваў дом і сцяг ды павартаваў крыху ля плота.
Потым ва Ульяны ўзніклі праблемы ў школе — не толькі праз гурт, але і з-за яе пазіцыі: «У беларускіх школах ёсць такая «школа актыўнага грамадзяніна». То-бок да нас раз на паўгода прыязджаў дзядзечка і распавядаў, які Уладзімір Пуцін малайчынка і што Расія — наш сябар, а ўсе палякі і католікі — свалата. Амаль што ўся мая паралель была апазіцыйна настроеная, і ў яго першы прыезд мы з ім паразмаўлялі са свайго пункту гледжання, і я тады была ў першых шэрагах. Наступны раз, калі ён прыязджаў, мяне на яго выступ не пусцілі».
Калі дзяўчына скончыла 11 класаў, трэба было здаваць іспыты, і яна мусіла выбіраць паміж экзаменам па рускай ці беларускай мове. З усёй паралелі Ульяна адзіная выбрала беларускую мову, і план іспыту рабілі пад яе — педагогі не былі ад гэтага ў захапленні. Яшчэ за паўгода да іспыту яны пачалі ўпрошваць дзяўчыну: маўляў, ну ты ж разумееш, давай зменім мову.
Калі Ульяна скончыла школу, яна пачала рыхтавацца да ўступных іспытаў у Акадэмію мастацтваў, якія здала добра, але для паступлення гэтага не хапіла. Ёй прапаноўвалі працу ў кавярні, куды ходзяць толькі сілавікі — не тое, да чаго імкнулася дзяўчына.
У бацькоў Ульяны быў уласны бізнэс — яны прадавалі тавары для дзіцячай творчасці, працавалі ў невялікіх павільёнах. Маці дзяўчыны не падоўжылі арэнду аднаго з іх, і Ульяна ўпэўненая, што гэта звязанае з дзейнасцю гурта.
Спланаваць ад'езд было складана: у Беларусі сям’я мела вялікі дом, двух сабакаў, трох катоў, папугая і акварыум.
2 верасня 2022-га Ульяна з бацькам пакінулі Беларусь: «Нам прапанавалі ехаць на фестываль «Грай», і мы хутка пагадзіліся. У нас з татам было па гітары і па скрыні з працоўнымі рэчамі — ноўтбук, прылады для гітары, шнуры. Таксама мы мелі па заплечніку ўласных рэчаў, збіраліся на дзень-два, і ўжо ў аўтобусе зразумелі, што будзем у Польшчы купляць новыя рэчы. Проста пабачылі, па якіх пабліках ідзе рэклама фестывалю, то-бок на 90% па экстрэмісцкіх.
Пазней маці таксама з’ехала з Беларусі разам з сабакамі і катом. А мы ўжо тады ў аўтобусе зразумелі, што калі мы вернемся ў Беларусь, нас недзе забяруць, невядома толькі, ці паспеем даехаць дадому».
Цяпер Паўловічы жывуць ля Варшавы і робяць далей сваю музыку. У гурта ёсць некалькі песень з правакацыйнымі для ўлады тэкстамі. Але Ульяна не згодная, што яе песні можна назваць пратэснымі — пратэст у іх ёсць, але гэта не тое, на чым пабудаваная ўся яе творчасць: ёсць песні і пра каханне, і пра надзею, і пра свабоду, і пра зялёныя дрэвы.
«Прачыналася, ела, працавала і засынала, не мела часу і сіл на творчасць»
Як гэта — эміграваць у 17? «Першыя паўгода ў Польшчы ў мяне была дэпрэсія. У Беларусі акрамя сябровак, родных, сабак і дома застаўся мой гурт, і гэта быў мой самы вялікі боль. Пераехалі мы з татам, пераехала гітара і ноўтбук, у якім усё было, але тагачасны склад гурта застаўся ў Беларусі. Гэта была сапраўдная сям’я, часам да нас падыходзілі людзі і пыталіся, ці мы з музыкамі сваякі.
Мая кроўная сям’я вялікая, але не з усімі сваякамі я размаўляю, лічу гэта нармальным выбарам. А вось Atesta — тая сям’я, якую я абрала, самыя блізкія для мяне людзі, і тады яны засталіся ў небяспецы, бо мы з’ехалі з не найлепшым бэкграундам», — перажывае Ульяна.
У нейкі момант дзяўчына злавіла сябе на думцы, што быццам памерла. Яна кантактавала праз тэлеграм з сяброўкай і музыкамі з гурту, але гэта ўсё адчувалася так, быццам яе аплакваюць.
Ульяна засталася адна — яе бацька з’ехаў па працы, удзельнічаў у вялікіх турах. У дзяўчыны не было сяброў, з якімі можна было б пабачыцца афлайн, не было вучобы, яна нічога не рабіла і сядзела падоўгу дома. Беларуска знайшла працу на медычным складзе, але хутка сышла адтуль, бо на працы ў яе пачаліся панічныя атакі.
Дзяўчына згадвае той цяжкі час: «Прачыналася, ела, працавала і засынала, не мела часу і сіл на творчасць, на кантакт з беларускімі знаёмымі, бо калі я прачыналася, яны ўжо спалі. Дапрацавала на складзе да канца выпрабавальнага тэрміну і сышла адтуль. Гэта не было вартае ніякіх грошаў, ды і мне ёсць, чым займацца, акрамя працы. Толькі працаваць і спаць — гэта ўвогуле не мой стыль жыцця, не разумею, як можна так жыць.
Было цяжка, і, напэўна, трэба было прымаць меры, але я выплыла з гэтага сама. Ужо не буду сябе адчуваць так, як адчувала да пераезду, але я ўсё ж такі вырасла з гэтага, ды і цяпер я не такое дзіцё, як тады».
Асобная гісторыя — тое, як у эміграцыі знаходзіць новых сяброў. Ульяна згадвае, што часам ёй пісалі і запрашалі сустрэцца. А яна, хаця і было самотна, знаходзіла падставу не адкрывацца людзям: маўляў, мне трэба галаву памыць, у мяне шкарпэткі не высахлі. Гэта, упэўнена дзяўчына, не тое, што павінна стрымліваць ад знаёмстваў з новымі людзьмі.
Рэч і ў страхах: «Думала, што зараз я пазнаёмлюся з новымі людзьмі і трэба будзе з імі развітвацца, бо так усё ў маім жыцці адбываецца. Прыдумвала сабе прычыны, чаму я не павінна ні знаёміцца з кімсьці новым, ні заводзіць новыя сяброўскія адносіны. Лепш я пачакаю, можа, прыедуць старыя знаёмыя і я ўсё перажыву, а калі не перажыву, дык і добра. Так з сабой ніколі нельга рабіць».
Выбрацца з дэпрэсіі дапамог гурт: з Мінска прыехаў бубнач Atesta, знайшоўся новы гітарыст і пачаліся рэпетыцыі, як раней. Таксама Ульяна знайшла новую працу — цяпер яна грумерка, то-бок цырульніца для сабак.
«Калі што, няхай усё гарыць сінім полымем, я пайду тусавацца!»
Адной з праблем эмігрантаў-падлеткаў спявачка лічыць абясцэньванне ўласных праблем — як ад іншых людзей, так і са свайго боку, калі ты не разумееш, што табе таксама можа быць дрэнна: «Адразу сыходжу з кампаній, дзе абясцэньваюць, бо не хачу тлумачыць, што ў мяне не так, і не лічу, што людзі могуць мяне зразумець — калі б яны маглі, яны б так не казалі. Але я сама часам упадаю у такі стан, гляджу на сваіх знаёмых — а ім трэба і за кватэру заплаціць, і дзяцей накарміць, дарослае жыццё.
Проста сама часам забываю, што маё адчуванне сусвету не такое, як у іншых людзей. Наогул у 17-18 гадоў свет успрымаецца не так, як у 30-40. Ёсць іншыя праблемы, але і іншая эмацыйная ўстойлівасць. І калі насамрэч ёсць праблемы, лепш іх прыняць, чым чуць ад кагосьці, што яны нявартыя ўвагі».
Atesta прыняла ўдзел у ліпеньскім марафоне салідарнасці з палітвязнямі, і за гэта Ульяна аказалася падазраванай у крымінальнай справе. Афіцыйна дзяўчыну абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці». Беларуска ўсміхаецца — на крыміналку адрэагавала з радасцю: «Калі на мяне заводзяць крымінальную справу, значыць, я раблю ўсё правільна і мяне заўважылі і баяцца. Дык супер, вось ён — вынік маёй працы! Вяртацца ў Беларусь я [ўсё роўна] не планавала. Ёсць страх, што мая крымінальная справа можа камусьці нашкодзіць, але тое, што на мяне ёсць справа — добры знак».
У пачатку лістапада Atesta прадставіла кліп «Дзьмухаўцы» — пра беларускіх падлеткаў-эмігрантаў. Ульяна ўпэўненая: гэтыя дзеці хочуць вярнуцца ў Беларусь. На думку дзяўчыны, іх лёс — гэта хутчэй лёс людзей, якія да апошняга будуць стаяць за сваю мову, культуру, і нават хадзіць на канцэрты старых музыкаў, бо гэта частка культуры.
Наказ ад Ульяны — варта не забываць, што трэба працягваць жыць нават у эміграцыі і цяжкія часы: «Бывае, гэта вылятае з галавы, асабліва калі ты шмат працуеш або мусіш займацца дакументамі. У маёй маці такі перыяд цяпер, што яна жыве ў рытме праца-крама-дом, і гэта цяжка. Трэба, каб каля цябе былі людзі, і ты сам разумеў: калі што, няхай усё гарыць сінім полымем, я пайду тусавацца! Бо ў гэтым жыццё, у тусоўках — новыя людзі, якія ў маім выпадку разам са старымі знаёмымі выцягнулі мяне.
Толькі калі ты пачнеш імкнуцца да таго, каб жыць і насалоджвацца жыццём, толькі тады ты вернешся ў тое камунікатыўнае поле, якое ў цябе было. Ні ў якім выпадку нельга адгароджвацца ад людзей, і наўрад ці да цябе будуць проста так цягнуцца людзі, цягніся да іх сам, і тады яны будуць магніціцца».
«Былых панкаў не бывае». Плэйліст блогеркі Лізы Ветравай
«Не заўжды». Спявак Vinsent прэзентаваў кранальную песню пра вяртанне дадому