Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь
Цяпер яму пагражае да 15 гадоў турмы.
20.12.2023 / 12:22
Аляксей Навагродскі. Фота з ягонай старонкі ў Facebook
Аляксею Навагродскаму 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Паперня Лідскага раёна. Адметна, што пры нараджэнні ён меў іншае провішча — Чэкавы.
Пасля школы паступіў у Мінскі радыётэхнічны каледж. Па заканчэнні пайшоў у БДУІР, які скончыў у 1998-м.
Адметна, што, згодна з базамі «Кіберпартызанаў», на 2005-ы мужчына працаваў святаром. Публічных звестак пра гэта адшукаць не атрымалася, як і таго, да якой канфесіі належыць мужчына.
Пасля святарства, у 2007-м, Аляксей пайшоў працаваць у «Белфармацыю». Пасля 2008-га быў сістэмным адміністратарам і дырэктарам у ТДА «Філасофія», сферай дзейнасці якога пазначаная «Брашуровачна-пераплётная і аддзелачная дзейнасць». Прыкладна ў гэты ж час ён змяніў прозвішча на «Навагродскі».
Аляксей выехаў за мяжу — вядома, што на 2015-ы жыў у Польшчы. А ў 2019-м і 2021-м мужчына пісаў пра сябе, што жыве ў Германіі, займаецца штучным інтэлектам і працуе ў нямецкай кампаніі EDEKA GmbH/WITRON. Ягоныя асноўныя месенджары былі прывязаныя да нямецкага нумару, а паштовая скрыня на нямецкім дамене, то-бок, у Германіі ён жыў стала.
Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», афіцыйна з 2011-га ён у Беларусі не працаваў. Згодна з іхнімі ж звесткамі, мужчына мае траіх дзяцей ад розных жанчынаў.
Аляксей Навагродскі. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Аляксей цікавіцца філасофіяй і ўдзельнічаў у тэматычных канферэнцыях — да прыкладу, у красавіку 2021-га рабіў даклад «Свядомасць і штучны інтэлект» на навуковай канферэнцыі «Філасофія і выклікі сучаснасці», якую арганізоўвала Акадэмія навук Беларусі.
Таксама Аляксей піша фантастычныя апавяданні. У 2020-м ён выдаў апавяданне «За руку з АнтыХрыстам», у 2021-м — «Ілля і ягоная каманда супраць прышэльцаў», а ў 2022-м — «За руку з анёлам».
Невядома, калі яго затрымалі, але ў апошні раз ён быў анлайн на сваёй старонцы Укантакце 29 снежня 2022-га, хоць раней заходзіў туды рэгулярна. Суд над Аляксеем Навагродскім пачаўся 18 снежня 2023 у Гродзенскім абласным судзе.
Справа закрытая і сутнасць яе невядомая. Аляксею пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 356 КК РБ — «Здрада дзяржаве».
Вядома, што ў лютым 2023-га яго судзілі за «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». За гэта яму пагражала ад трох да дзесяці гадоў турмы.
Чытайце таксама:
Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь