У Мінску аблілі зялёнкай работніка банка
20.12.2023 / 10:10
Крэдытныя аферысты выйшлі на новы ўзровень.
23-гадовы жыхар Мінскага раёна стаў ахвярай фінансавых махляроў, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».
Яму патэлефанавалі ў месенджары і прадставіліся супрацоўнікамі Нацбанка і Следчага камітэта.
Хлопцу расказалі, што злачынцы нібыта аформілі на яго імя крэдыт, а каб іх рассакрэціць — яму самому неабходна паўдзельнічаць у «спецаперацыі».
Выкарыстоўваючы псіхалагічнае ўздзеянне і маніпуляцыі, ашуканцы прымусілі мужчыну прытрымлівацца інструкцый.
Адразу малады чалавек узяў крэдыты і перавёў на чужы рахунак каля 15 000 рублёў. Пасля гэтага зламыснікі загадалі абліць несумленных супрацоўнікаў банка зялёнкай і тым самым даць сігнал да іх затрымання.
Хлопца затрымалі і даставілі ў пастарунак.