У Гродне як мінімум 13 медыкаў за месяц аштрафавалі за падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы
Як правіла, дактароў і медсясцёр штрафавалі і забіралі тэлефон.
20.12.2023 / 13:41
Як мінімум 13 медыкаў з Гродна судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Інфармацыя з’явілася ў банку судовых рашэнняў. Сярод аштрафаваных — нейрахірург і неанатолаг, піша hrodna.life.
Як правіла, медыкаў па арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічынь (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны.
Напрыклад, доктара-неанатолага і маці малога дзіцяці за падпіску ў інстаграме аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) з канфіскацыяй мабільніка. Нейрахірурга за падпіску на экстрэмісцкі кантэнт «УКантакце» аштрафавалі на 925 рублёў.
Аднаго медыка арыштавалі на трое сутак з канфіскацыяй мабільніка.
Таксама судзілі трох медсясцёр, лекара, лекара-тэрапеўта, супрацоўніцу БХМД. Судзілі за падпіскі «ВКонтакте», Facebook і Instagram, рэпосты ў «Аднакласніках», падпіскі на Zerkalo.io і «Афіцыйная група Хартыя'97», і захоўванне «візуальнай экстрэмісцкай прадукцыі».
Таксама аштрафавалі выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта і дыякана пратэстанцкай царквы «Свет мира» Дзяніса Камягіна.