У Мінску адкрыўся новы музей — з дзвюма сотнямі мадэляў гадзіннікаў ФОТЫ
Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» сабраў Музей гадзіннікавай справы, у ім выставілі гадзіннікі ўсіх часоў і народаў. На ўрачыстым адкрыцці пілі шампанскае і слухалі пацешныя гісторыі пра дакладныя механізмы, піша Tochka.by.
20.12.2023 / 22:43
Фота: Tochka.by
Такі музей першы ў краіне, і ў яго экспазіцыі дзве сотні мадэляў гадзіннікаў.
Тут іх шмат розных — ад макета сонечных са Старажытнага Егіпта да модных наручных з карцінамі Ван Гога.
На дадатак — камінныя, насценныя, кішэнныя гадзіннікі і рэдкія мадэлі завода «Луч» — медыцынскія, для шахцёраў.
На аглядзе — абсталяванне з мінулага: стол майстра-гадзіншчыка, швейцарскі такарны станок і праектар для адбракоўкі дэталяў.
Можна на кантрасце таксама параўнаць, як працуюць цяпер. Завод прапануе экскурсію на вытворчасць.
Уваход у музей бясплатны для дзяцей да шасці гадоў, сіротаў, інвалідаў, ветэранаў.
Для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў — 6 рублёў. Дарослы квіток — 9 рублёў.
Экскурсія па вытворчасці дарослым абыйдзецца ў 21 рубель, дзецям і пенсіянерам — 15 рублёў.
Стваральнікі экспазіцыі вывучалі архівы, дапамагалі ім парадай і калекцыянеры.
«Мы вырашылі расказаць гісторыю гадзіннікавай справы ў краіне. Бо да «Луча» ў Беларусі таксама рабілі гадзіннікі, нам ёсць чым ганарыцца», — расказаў намеснік дырэктара па развіцці ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» Рафік Саркісян.
Экспазіцыя будзе пашырацца. Бліжэйшым часам у музеі з'явіцца дэталь ад самага старога ў Еўропе дзейнага вежавага гадзінніка — у Гродзенскім касцёле, яму 500 гадоў.
Пляцоўка музея задуманая не толькі пад выставу. Калекцыянеры тут змогуць чытаць лекцыі пра гадзіннікавыя справы.
Чытайце таксама: