ХАМАС адхіліў прапанову Ізраіля аб перамір'і ў абмен на вызваленне закладнікаў

Для Ізраіля ўмовы ХАМАС катэгарычна непрымальныя.

21.12.2023 / 08:06

Фота: Hatem Moussa / AP

Групоўка ХАМАС, якая кантралюе сектар Газа, адкінула прапанову Ізраіля аб тыднёвым перамір'і ў Газе ў абмен на вызваленне каля 40 закладнікаў, уключаючы ўсіх жанчын і дзяцей, якія ўсё яшчэ застаюцца ў руках ісламістаў, піша Бі-бі-сі.

У сераду лідар групоўкі, прызнанай тэрарыстычнай шэрагам краін, Ісмаіл Ханія правёў у Каіры перамовы з прадстаўнікамі егіпецкіх уладаў аб магчымасці новай гуманітарнай паўзы ў вайне ХАМАС супраць Ізраіля, але па паведамленнях знаёмых з ходам сустрэчы крыніц, гутарка была безвыніковай.

Егіпет, разам з Катарам, выступае адным з вядучых медыятараў у перамовах паміж Ізраілем і ХАМАС.

Члены ўзначаленай Ханіяй дэлегацыі заявілі егіпецкім пасярэднікам, што Ізраіль павінен спачатку спыніць наступ у сектары і вывесці адтуль свае войскі, перш чым абмяркоўваць любую патэнцыйную ўгоду.

Са слоў прадстаўнікоў групоўкі, нават у гэтым выпадку Ізраілю давядзецца вызваліць з турмаў усіх палесцінскіх зняволеных, перш чым ХАМАС пагодзіцца адпусціць пакінутых закладнікаў.

Для Ізраіля такія ўмовы катэгарычна непрымальныя.

Як распавёў Бі-бі-сі высокапастаўлены палесцінскі функцыянер, знаёмы з ходам праведзеных у Каіры перамоваў, сустрэча «скончылася безвынікова».

Па словах крыніцы, Егіпет прапанаваў яшчэ адно гуманітарнае перамір'е, але ідэя «часовага рашэння» вайны была адвергнутая дэлегацыяй ХАМАС.

Палесцінская ісламісцкая групоўка заявіла егіпцянам, што яе пазіцыя застаецца нязменнай.

«Да канчатковага спынення агню ніякіх абменаў не адбудзецца», — сказала крыніца.

Nashaniva.com