КНДР паставіла Расіі больш за тысячу кантэйнераў з боепрыпасамі
Пхеньян у абмен на боепрыпасы хоча атрымаць ад Расіі іншыя ваенныя тэхналогіі.
21.12.2023 / 09:54
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на касмадроме «Усходні» 13 верасня 2023 года. Фота: Korean Central News Agency / Korea News Service via AP, File
Амерыканскі бок валодае інфармацыяй, пацверджанай спадарожнікавымі здымкамі, аб тым, што Паўночная Карэя паставіла ў Расею больш за тысячу кантэйнераў з боепрыпасамі, заявіла пасол ЗША пры NATO Джуліян Сміт на брыфінгу, піша «Украінская праўда».
«У нас ёсць новая інфармацыя аб тым, што КНДР нядаўна паставіла дадатковыя ўзбраенні ў Расію для прымянення ў вайне супраць Украіны. Паводле нашай інфармацыі, КНДР перадала РФ больш за тысячу кантэйнераў вайсковага абсталявання і боепрыпасаў. Мы рашуча асуджаем КНДР за перадачу расейцам такога ўзбраення, якое, несумненна, будзе выкарыстана для нападаў на ўкраінскі народ, украінскія гарады, а таксама ў далейшай незаконнай вайне РФ», — сказала пасол.
Яна таксама паведаміла аб наяўнасці спадарожнікавых здымкаў, на якіх відаць перамяшчэнне гэтых кантэйнераў з Паўночнай Карэі ў Расію на грузавых судах.
Паводле яе слоў, у ЗША лічаць, што Пхеньян у абмен на боепрыпасы хоча атрымаць ад Расіі іншыя ваенныя тэхналогіі. Не выключана, што ў гэтым «спісе жаданняў» Пхеньяна ёсць знішчальнікі, ракеты зямля-паветра, бронетэхніка, абсталяванне для вытворчасці балістычных ракет і іншыя ўзбраенні.
Сміт падкрэсліла, што Злучаныя Штаты працягнуць сачыць за развіццём сітуацыі і выяўляць любыя спробы паставіць у Расію ўзбраенне.