Як выглядаюць тунэлі ХАМАСа — глыбіня да 50 метраў, можна ездзіць на аўто ФОТЫ

Гісторыя тунэляў пад сектарам Газа пачынаецца з 1980-х гадоў. Спачатку яны выкарыстоўваліся для кантрабанды. Пазней тунэлі сталі служыць ХАМАСу і іншым групоўкам баевікоў месцамі вытворчасці і захавання зброі, перамяшчэння пад зямлёй, навучання баевікоў, здзяйснення нападаў, перамяшчэння закладнікаў і адыходу незаўважанымі.

22.12.2023 / 10:51

Сектар Газа. Фота: Wikimedia Commons

Гэтую сетку тунэляў у прастамоўі называюць «метро Газы». Мяркуецца, што яна складаецца з прыкладна 1300 тунэляў, а іх агульная даўжыня складае, па розных ацэнках, ад 400 да 500 кіламетраў.

Размяшчэнне аднаго з адгалінаванняў тунэля (чырвоны колер), які вядзе да памежнага кантрольна-прапускнога пункта Эрэз на поўначы сектара Газа. Скрын відэа TBNIsrael / YouTube

Па словах прадстаўнікоў ЦАХАЛ, тунэлі знаходзяцца пад школамі і спартовымі цэнтрамі, мячэцямі і бальніцамі на тэрыторыі ўсяго сектара Газа. Так, у лістападзе 2022 года Агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA) паведаміла, што знайшла тунэль пад пачатковай школай.

Схема сеткі тунэляў з памяшканнямі. Скрын відэа TBNIsrael / YouTube

24 кастрычніка 2023 года ХАМАС вызваліў 85-гадовую закладніцу, якая расказала, што іх вялі дзве-тры гадзіны па сырых тунэлях, пакуль яны не патрапілі ў вялікую залю. Па словах жанчыны, баевікі падрыхтавалі чыстыя памяшканні з матрацамі на зямлі, а закладнікаў у падзямеллях рэгулярна наведвалі медыкі.

Будаўніцтва тунэля. Скрын відэа TBNIsrael / YouTube 

Некалькі дзён таму ізраільскія ваенныя абвясцілі пра выяўленне аднаго такога тунэля на поўначы сектара Газа. Ён мае некалькі адгалінаванняў і развязак. Самае буйное з выяўленых мае даўжыню каля чатырох кіламетраў і на некаторых участках ідзе пад зямлю на глыбіню да 50 метраў. Тунэль дастаткова шырокі, каб унутры маглі праехаць транспартныя сродкі.

Ізраільскія салдаты ў тунэлі, які выкарыстоўваўся для нападу ў раёне памежнага перахода Эрэз. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

Як сцвярджаецца, з тунэля можна было патрапіць у офісы і апартаменты палітычнага і вайсковага кіраўніцтва ХАМАС. Апроч звычайных сходаў, для пранікнення ў падземную сістэму выкарыстоўваліся ліфты.

Ізраільскі салдат выходзіць з тунэля ў раёне памежнага перахода Эраз. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

Тунэль мае таксама лініі водаправода, электрычнасці і сувязі. «Такім чынам, тэрарысты ХАМАС мелі магчымасць як збегчы, так і заставацца ў сваіх схованках на працягу дастаткова доўгага перыяду», — цытуе інтэрнет-выданне Spiegel паведамленне ЦАХАЛ.

Чытайце яшчэ:

ХАМАС адхіліў прапанову Ізраіля аб перамір'і ў абмен на вызваленне закладнікаў

WSJ сцвярджае, што Ізраіль плануе затапіць тунэлі ХАМАС марской вадой. Ці рэальна гэта?

Антось Жупран