Журналістам вядомыя імёны ўжо 40 тысяч загінулых расійскіх вайскоўцаў

Сярэднестатыстычны партрэт загінулага расійскага салдата істотна змяніўся.

22.12.2023 / 12:10

Украінскі бронетранспарцёр вядзе агонь па расійскіх пазіцыях блізу Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці, 28 красавіка 2023 года. Фота: AP / Libkos

«Медыязона» і Бі-бі-сі працягваюць весці ўлік стратаў расійскай арміі ў вайне з Украінай. Журналістам вядомы імёны ўжо больш як 40 тысяч забітых расійскіх салдат.

Страты ў 2023 годзе былі ў паўтара разу вышэйшыя, чым у 2022-м. Мінімум 15 520 вайскоўцаў загінулі летась і 24 100 сёлета.

Што адметна: у 2023 годзе дзве траціны загінулых — людзі, якія да пачатку поўнамаштабнай вайны не былі звязаны з арміяй (добраахвотнікі, мабілізаваныя, былыя зняволеныя).

Сярэднестатыстычны загінулы расійскі вайсковец — 34-гадовы зняволены, які паехаў на вайну з калоніі. У 2022-м партрэт быў іншы — 21-гадовы салдат-кантрактнік.

Ацалелых у першы год вайны дэсантнікаў і спецназаўцаў ваеннае камандаванне цяпер, наадварот, стараецца берагчы, выкарыстоўваючы іх для ўтрымання пазіцый і снайперскіх аперацый. Каштоўных спецыялістаў цяпер адпраўляюць у наступ толькі пры наяўнасці спрыяльных умоў, адзначаюць эксперты.

Найбольшыя страты за ўвесь час вайны Расія панесла зімой 2023 года — падчас спробы наступу на Данбасе. З сярэдзіны снежня па сакавік тэмп прыросту страт у два разы перавышаў сярэднія паказчыкі 2022 года.

Па абсалютнай колькасці загінулых лідзіруюць Краснадарскі край, Свярдлоўская вобласць, Башкартастан і Чэлябінская вобласць. Але калі пералічыць даныя з улікам шчыльнасці мужчынскага насельніцтва ў кожным рэгіёне, то спіс атрымаецца іншым.

Для жыхароў Тувы і Бураціі верагоднасць быць забітым на вайне ва Украіне ў гэтым годзе была ў 30-40 разоў вышэйшай, чым для масквічоў.

Аднак у гэты ж час большасць вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне, — гэта славяне і, у першую чаргу, рускія.

Больш за тое, сёлета доля славянскіх імёнаў сярод загінулых расла. Увесну 2022 года яна складала 75%, а праз год — ужо 85%.

Даследчыкі звязваюць гэта з мабілізацыяй і наборам на фронт зняволеных.

Nashaniva.com