У Гомелі асудзілі жанчыну, якая выклала ў тыктоку відэа інцыдэнту з супрацоўнікам ДАІ і сваёй дачкой

У Гомельскім абласным судзе 8 снежня паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) асудзілі 40-гадовую палітзняволеную Сняжану Цадаву. Яе судзілі за відэа ў тыктоку інцыдэнту на Лоеўшчыне, дзе яна каментавала дзеянні супрацоўніка ДАІ, які аштрафаваў яе дачку за адсутнасць флікера. 

23.12.2023 / 10:26

Як піша «Гомельская вясна», суддзя Алег Харошка прызначыў жанчыне шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — іх яна ўжо адбыла ў следчым ізалятары.

Інцыдэнт на Лоеўшчыне, у выніку якога судзілі палітзняволеную, здарыўся ў сярэдзіне ліпеня. Тады ў вёсцы Бывалькі пад Лоевам дзяўчыну інспектар аштрафаваў за адсутнасць флікера — яна ішла па абочыне. Яе маці — Сняжана Цадава — зняла на камеру дзеянні супрацоўніка ДАІ са сваімі каментарамі і выклала ў тыктоку.

Як пісалі ва УУС Гомельскага аблвыканкама, «праваахоўнік запрасіў дзяўчыну ў службовы аўтамабіль для складання адміністрацыйнага пратакола за правапарушэнне». У сваім відэа маці кажа, што яе дачку не выпускаюць з машыны. Таксама супрацоўнік не аддаваў тэлефона адной з сябровак дзяўчыны. 

Паводле версіі абвінавачвання, маці дзяўчыны «ўсяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца, на тэлефон, эмацыйна каментуючы дзеянні супрацоўніка міліцыі і даючы ацэнку дзеянням праваахоўнікаў у цэлым».

У выніку пры канцы жніўня супрацоўнікі АМАПа затрымалі жанчыну дома з ужываннем сілы. Да Цадавай дадому прыехала следча-аператыўная група. Пасля распачалі крымінальную справу аб распальванні варожасці або варожасці ў дачыненні да міліцыі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Да суда яе змясцілі пад варту ў СІЗА.

Nashaniva.com