Былы пракурор Сафараў разам з жонкай на волі
Як стала вядома «Нашай Ніве», былы высокапастаўлены пракурор Эльдар Сафараў і ягоная жонка, адвакатка Юлія Станкевіч, выйшлі на волю пасля 10 сутак за кратамі.
24.12.2023 / 13:17
«Вясна» паведамляла, што на мінулым тыдні была затрыманая сямейная пара юрыстаў Эльдар Сафараў і Юлія Станкевіч. Інкрымінавалі ім, нібыта, народны артыкул 342 Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
Чытайце: Затрымалі былога пракурора Эльдара Сафарава і ягоную жонку
Эльдар Сафараў — гэта значная постаць у беларускай юстыцыі, палкоўнік. У 2020-м ён дэманстратыўна сышоў з пасады начальніка аддзела падтрымкі дзяржабвінавачвання Генпракуратуры, пацвердзіўшы «Нашай Ніве», што сыход быў па палітычных матывах.
Пра іншыя сыходы з пракуратуры начальнікаў такога калібру не было вядома раней і невядома дагэтуль.
Да антылукашэнкаўскіх сілаў або альтэрнатыўнай арганізацыі сілавікоў «Байпол» Сафараў не далучыўся. Жыў у Беларусі да затрымання.
Як стала вядома «Нашай Ніве», Эльдар Сафараў і ягоная жонка Юлія Станкевіч на волі пасля 10 дзён утрымання ў следчым ізалятары.
Іх прававы статус застаецца невядомым.