Марыя Захарава прэзентавала песню — музыку для яе напісаў вядомы беларускі кампазітар

Калі пры двары Лукашэнкі галоўным песеннікам стала яго нявестка, то ў Крамлі свой «бард». Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава на свой дзень нараджэння прэзентавала песню пра Каляды. 

24.12.2023 / 18:12

Фота: Maksim Konstantinov / Getty Images, цэнтр «Спамаш»

Прэзентацыя прайшла ў доме прыёмаў МЗС Расіі, паведамляе РБК.

Словы напісала сама Захарава, а музыку — беларускі кампазітар Леанід Шырын. Выканала песню 16-гадовая дзяўчына з Беларусі Ксенія Галецкая, кліп зняў мастак Нікас Сафронаў.

Леанід Шырын з 1988 па 1995 год быў удзельнікам папулярнага рок-гурта «Новае неба», для якога гэтак жа пісаў музыку і рабіў аранжыроўкі. Затым доўгі час кіраваў студыяй эстраднай песні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ідэйны натхняльнік, музыка і кампазітар гурта «DaVinci» — з ім выступаў Дзяніс Дудзінскі.

Цяпер Шырын — мастацкі кіраўнік у прадзюсарскім цэнтры «Спамаш». 

Гэта не першая песня Захаравай. У 2017 годзе спявачка Наргіз выпусціла кампазіцыю на яе словы «Вярніце памяць», у 2020 годзе выйшаў дуэт Максіма Фадзеева і Валерыі «Да мяжы».

Nashaniva.com