На ўзбярэжжа Даніі выкінула шмат абутку і халадзільнікі

Кантэйнеравоз дацкай транспартнай кампаніі Maersk трапіў у шторм у Паўночным моры, у выніку чаго змесціва часткі кантэйнераў вымыла на паўночнае ўзбярэжжа Даніі.

24.12.2023 / 22:35

Фота: пляжны прыстаў Томас Дуурлу

Пра гэта са спасылкай на дацкія СМІ паведамляе «Еўрапейская праўда».

Кантэйнеравоз Mayview Maersk трапіў у шторм «Пія» ў Паўночным моры, пра што стала вядома ў пятніцу 22 снежня. Судна накіроўвалася з нямецкага Брэмегавена ў польскі партовы горад Гданьск, куды павінна было прыбыць 24 снежня.

Больш за 40 кантэйнераў, паводле ацэнак дацкіх СМІ, змыла ў мора, прычым частк3 з іх ужо прыбіла да паўночнага ўзбярэжжа Даніі.

Сярод грузу, які апынуўся на беразе, — абутак, халадзільнікі, лекавыя тавары, дэталі ад цацак і да таго падобнае.

Згодна з заканадаўствам Даніі, усе гэтыя рэчы лічацца ўласнасцю кампаніі Maersk, таму наглядчыкі на пляжах чакаюць, пакуль прадстаўнікі кампаніі з імі звяжуцца і збяруць іх — тым больш, што салёная вада раз'ядае некаторыя з іх.

Некаторыя ўсё роўна спрабуюць скрасці вымытыя на бераг рэчы. У суботу ўвечары Паліцыя Паўночнай Ютландыі канфіскавала 14 кампрэсараў, якія, імаверна, спрабавалі забраць з берага ў сяле Блохус на паўночным узбярэжжы.

Nashaniva.com