«Там жа няма ніводнага яўрэя!» Лукашэнка блытана патлумачыў, чаму ЕўрАзЭС не згубіць Арменіі

25 снежня ў Санкт-Пецярбургу прайшло пасяджэнне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Справаздачу адтуль дае Андрэй Калеснікаў у выданні «Коммерсант».

26.12.2023 / 00:01

Аляксандр Лукашэнка. Фота: РИА Новости / kremlin.ru

Лукашэнку журналісты спынілі на прыступках Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б. М. Ельцына, дзе павінна было адбыцца пасяджэнне. У яго спыталі, ці не крыўдна яму, што прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян прыляцеў у Піцер, а ў Мінск на пасяджэнне АДКБ не прыляцеў?

Вось як перадае дыялог Калеснікаў.

«Ды вы што?! — усклікнуў Аляксандр Лукашэнка.— Гэта розныя фарматы! Я ведаў, што ён прыляціць у Піцер. Вы кепска слухалі, я казаў пра гэта. Якая тут крыўда! Я ўсё ведаў!

— Ці не страцім Арменію? — цікавіўся яшчэ нехта з журналістаў напрыканцы.

— Калі Арменія хоча памерці эканамічна… То мы яе можам страціць.

Але я не думаю, што армяне — дурныя людзі! Армяне ж разумныя людзі! Там жа няма ніводнага яўрэя! Ведаеце чаму? Бо армяне — самыя разумныя людзі! Ну як яны кажуць!.. Што яны, не бачылі, як у Афганістане падалі людзі з шасі самалёта, калі амерыканцы ляцелі?! Ну сапраўды так выкарыстаюць і Арменію — і зваляць!

Вы думаеце, гэтага не будзе? Будзе так! Гэта іхная палітыка! Я вам кажу як старадаўні палітык!» — рупліва занатаваў блытаныя словы Лукашэнкі карэспандэнт крамлёўскага пула.

Чытайце таксама:

Лукашэнка назваў Жазэпа Барэля дурнем, які не мае дачынення да палітыкі

Імунітэт, ахова, заробак, вызваленне ад падаткаў. Апублікаваны пералік гарантый для экс-прэзідэнтаў Беларусі

«Светлая памяць». Фэйсбук пазначыў лукашэнкаўскую прэс-сакратарку Наталлю Эйсмант як памерлую

Nashaniva.com