У Маладзечне звольнілі рэжысёра абласнога тэатра, які ставіў спектакль па Алексіевіч
У Мінскім абласным драматычным тэатры не працягнулі кантракта з мастацкім кіраўніком Валерыем Анісенкам. Сёння — яго апошні працоўны дзень. Пра гэта «Люстэрку» паведамілі чытачы.
26.12.2023 / 16:23
Валерый Анісенка нарадзіўся ў 1944 годзе ў Талачыне. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам у Віцебску ў Коласаўскім тэатры (1965-1967) і ў сталічным Купалаўскім (1969-1977).
Затым атрымаў рэжысёрскую адукацыю. Працаваў галоўным рэжысёрам Тэатра юнага гледача (1979-1980), Тэатра-студыі кінаакцёра (1980-1982), Беларускага радыё (1982-2000), дырэктарам — мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (2000—2012), дырэктарам — мастацкім кіраўніком (2012—2014), затым проста мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра (2014—2017). З 2017-га — у Маладзечне.
Паставіў дзясяткі спектакляў у тэатрах, а таксама больш за сотню радыёспектакляў. Сярод яго пастановак — «Чарнобыльская малітва» паводле аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч, якую Анісенка паставіў у РТБД. Гэтую пастаноўку знялі з рэпертуару ў 2021 годзе.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі «За духоўнае адраджэнне». Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.