У беларускіх школах увядуць новы падручнік па гісторыі. Але «перапісвання не будзе»
Пра намер увядзення ў беларускіх школах новага падручніка па гісторыі ў інтэрв'ю выданню «СБ. Беларусь сегодня» паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
26.12.2023 / 16:53
Андрэй Іванец
Адказваючы на пытанне, ці матывавалі ўлады падзеі 2020‑га года «сур'ёзна ўзяцца за патрыятычнае выхаванне», Іванец адзначыў:
«Праводзім сістэмную працу: заняткі ў школе, вайскова-патрыятычныя клубы, лагеры, адраджаем гульні «Зарніца», «Зарнічка». Каля 180 тысяч школьнікаў бясплатна наведалі музеі Беларусі — у нас ёсць пагадненне з Міністэрствам культуры.
Але плануем пайсці далей: арганізуем тэматычныя ўрокі на іх базе. У гэтым годзе ў кожнай школе з'явіліся свае музеі.
Распрацаваная канцэпцыя школьнай гістарычнай адукацыі. Усё для чаго? Каб дзеці вучыліся аналізаваць і крытычна думаць. З 1 верасня ў 10‑м класе ўводзім новы інтэграваны курс «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».
Макет навучальнага дапаможніка гатовы, праходзіць эксперыментальную апрабацыю ў 14 установах адукацыі краіны. Абяцаем: вы ўбачыце падручнік новага пакалення, які дакладна будзе прыемна ўзяць у рукі. Паралельна распрацоўваецца дапаможнік для 11-га класа», — сказаў чыноўнік.
На заўвагу, што Аляксандр Лукашэнка не раз папярэджваў аб недапушчальнасці пастаянна перакройваць навучальныя планы і бясконца выдаваць новыя падручнікі, Іванец адказаў:
«Мы не факты будзем змяняць, як ужо заяўляюць нашы нядобразычліўцы. Возьмем, напрыклад, падручнік па гісторыі. Пазбягаем манатоннага завучвання дат і месцаў падзей, робім упор на фармаванне светапогляднай карціны школьніка.
Што тычыцца іншых прадметаў, у кожнай кнізе будзе змяшчацца выхаваўчы патэнцыял — тэксты, заданні будуць накіраваныя на фарміраванне любові да роднай краіны. Перапісвання не будзе, гаворка пра ўдасканаленне».
Чытайце таксама:
Пракурорка Валерыя Таратынка, што праславілася гучнымі палітычнымі працэсамі, занялася генацыдам
Гісторык: Падручнікі ад пракурораў — яшчэ адно звяно ланцужка дэградацыі беларускай сістэмы адукацыі
У Мінску прэзентавалі школьныя падручнікі па «генацыдзе беларускага народа»