50 дзеячаў культуры Францыі і прэзідэнт Макрон заступіліся за Дэпард'ё, які абвінавачваецца ў сэксуальным гвалце
«Калі Жэрар Дэпард'ё падвяргаецца такім нападкам, нападкам падвяргаецца мастацтва. Жэрар Дэпард'ё, імаверна, найвялікшы з усіх акцёраў. Апошняя святая глыба кіно», — гаворыцца ў звароце.
27.12.2023 / 08:19
Жэрар Дэпард'ё. Фота: Tristar Media / Getty Images
Больш за 50 французскіх акцёраў, рэжысёраў, пісьменнікаў і музыкаў падпісаліся пад артыкулам у французскай газеце Le Figaro з заклікам спыніць цкаванне Жэрара Дэпард'ё. З 2020 года акцёр знаходзіцца пад следствам па абвінавачванні ў згвалтаванні. Грамадскае шальмаванне Дэпард'ё вырасла яшчэ больш пасля паказу дакументальнага фільма «Complément d'enquête» (далейшае расследаванне) на канале France 2, піша Бі-бі-сі.
Сярод іх рэжысёр Бертран Бліе, акцёры Шарлота Рэмплінг, Наталі Бай, Кароль Буке, Жак Вэбер, П'ер Рышар і Жэрар Дармон, а таксама Карла Бруні і Жак Дзютрон.
Яны заклікаюць паважаць прэзумпцыю невінаватасці любога грамадзяніна і не байкатаваць вялікага акцёра. У артыкуле гаворыцца, што пазбаўленне публікі яго акцёрскага таленту было б трагедыяй і крокам да гібелі французскага мастацтва.
«Калі Жэрар Дэпард'ё падвяргаецца такім нападкам, нападкам падвяргаецца мастацтва. Жэрар Дэпард'ё, верагодна, найвялікшы з усіх акцёраў. Апошняя святая глыба кіно. Мы больш не можам моўчкі глядзець, як яго лінчуюць, колькі нянавісці на яго выліваецца», — гаворыцца ў артыкуле.
У абарону Жэрара Дэпард'ё выступіў і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які адкрыта заявіў, што на акцёра адкрылі паляванне.
«Вы ніколі не дачакаецеся майго ўдзелу ў такім пераследзе. Ён праславіў Францыю, нашых вялікіх аўтараў і іх персанажы. Францыя ганарыцца ім», — сказаў Макрон у інтэрв'ю тэлеканалу France 5.
Пазіцыя Макрона была гнеўна сустрэтая актывістамі барацьбы супраць гвалту ў дачыненні да жанчын.
Лідар Сацыялістычнай партыі Аліўе Фор абвінаваціў Макрона ў несур'ёзным стаўленні да сваіх перадвыбарных абяцанняў.
«Гвалт у адносінах да жанчын — галоўная праблема мандата Макрона. Гэты прэзідэнт сам не верыць ні ў адно са сваіх абяцанняў», — сказаў Фор.
Фемінісцкая арганізацыя Generation Feministe таксама назвала пазіцыю прэзідэнта Францыі абразай у адрас усіх тых, каму давялося сутыкнуцца з сэксуальным гвалтам, і ў прыватнасці тых, хто абвінаваціў у гэтым Дэпард'ё.
Пасля скаргі актрысы Шарлот Арно ў 2020 годзе ў дачыненні да Дэпард'ё было пачата судовае расследаванне па падазрэнні ў згвалтаванні і сэксуальным гвалце.
Ён абвяргае абвінавачванні, заяўляючы, што яны ўступілі ў сэксуальны кантакт па ўзаемнай згодзе. Першапачаткова паліцыя зняла абвінавачванне з-за адсутнасці доказаў згвалтавання. Але справа была зноў адкрыта пасля апеляцыі, а Арно заявіла, што яна знаходзілася пад яго эмацыйным «кантролем».
Тры месяцы таму была заведзена другая справа, пасля таго як акторка Элен Дарас абвінаваціла Дэпард'ё ў тым, што ён непрыстойна кранаў яе ў 2007 годзе падчас здымак фільма «Дыскатэка».
У пракуратуры заяўляюць, што справа можа быць спыненая, бо гэтыя падзеі адбыліся занадта даўно.
***
У аснову стужкі «Complément d'enquête» лёг відэаматэрыял, зняты камандай, якая суправаджала Дэпард'ё ў яго паездцы ў Паўночную Карэю ў 2018 годзе, прымеркаванай да 70-годдзя ўтварэння краіны.
У фільм-расследаванне «Complément d'enquête» патрапілі кадры, на якіх французскі акцёр адпускае ў адрас жанчын непрыстойныя заўвагі і робіць недвухсэнсоўныя жэсты, у тым ліку ў адрас непаўналетняй дзяўчынкі.
Сваім фільмам дакументалісты хацелі паказаць, што Дэпард'ё, які трапіў у эпіцэнтр сэкс-скандалу некалькі гадоў таму, зусім не нявінная ахвяра, як гэта спрабуюць падаць яго шматлікія прыхільнікі з ліку культурнай і палітычнай эліты Францыі.
Чытайце таксама:
У Францыі паказалі фільм з грубымі рэплікамі Жэрара Дэпард'ё. І ў краіне выбухнуў скандал
Жэрар Дэпард'ё прадаў скульптуру ўраджэнца Беларусі — прадстаўніка Парыжскай школы