У Брэсце прадалі былую царскую казарму. Цана на таргах узляцела ў дзевяць тысяч разоў

У канцы лістапада стала вядома, што ў Брэсце адбудуцца таргі па двух цікавых гісторыка-культурных аб'ектах: на аўкцыён выстаўляліся казармы. Абедзве — за сімвалічныя 37 рублёў. Учора лоты здабылі ўласнікаў, праўда, зусім не за адну базавую.

28.12.2023 / 08:59

Фота: яндэкс-карты

Размова пра эфектную царскую казарму, размешчаную на вуліцы Брэсцкіх дывізій, 15а. Двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы быў узведзены да 1917 года і можа пахваліцца не толькі мурам, але і памерамі — 3333 «квадраты».

Выстаўляўся на аўкцыён будынак і раней. Напрыклад, у 2022-м за яго планавалі выручыць больш за 2,5 млн рублёў, аднак пры такіх стаўках ахвотных пазмагацца за лот не знайшлося. Зусім па-іншаму разгортваліся падзеі гэтым разам.

Як распавёў Onliner прадстаўнік Беларускай універсальнай таварнай біржы, паўдзельнічаць у таргах вырашылі 15 заяўнікаў. Стартавалі ў 10:00 26 снежня, а скончылі толькі ў 01:55 27 снежня. Было зроблена 63 519 ставак. У выніку казарма дасталася таму, хто прапанаваў за яе максімальную суму, а менавіта 352 564 рублі. Гэта значыць цана на аб'ект вырасла ў 9,5 тысячы разоў.

Раней паведамлялася, што на плошчах, якія ўжо перажылі частковую перапланіроўку, замену перагародак і ўстаноўку новых вокнаў, можна адкрыць офісы, музей, студыі.

— Прадалі і яшчэ адну гістарычную каштоўнасць — абарончую казарму «Ж-З». Гэта частка Брэсцкай крэпасці. Таргі выніковыя: пачатковая цана была 37 рублёў, а цана продажу — 5516. У таргах узялі ўдзел чатыры заяўнікі, якія за 28 хвілін зрабілі 988 ставак. У абодвух выпадках пераможцамі сталі юрыдычныя асобы, якія працуюць у сферы будаўніцтва, — растлумачылі ў БУТБ.

Nashaniva.com