За грошы на касмічныя і сацыялагічныя даследаванні Акадэміі навук пабудуюць бульбасховішча

Урад скараціў расходы Нацыянальнай акадэміі навук на 2,3 млн рублёў, каб за іх пабудаваць бульбасховішча на Талачынскім кансервавым заводзе. Гэта вынікае з пастановы ўрада № 935 ад 26 снежня.

28.12.2023 / 09:02

 Фота: Aleksandr Rybin / vecteezy.com

Расходы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі скароцяць па трох напрамках.

Асноўную частку грошай забяруць з праграмы стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі — каля 2 млн рублёў.

Астатняе дабяруць з выдаткаў на правядзенне маніторынгавых і аператыўных сацыялагічных даследаванняў, сацыялагічных апытанняў насельніцтва (на 50 тысяч рублёў), а таксама з грошай на выпуск прадукцыі навуковымі арганізацыямі НАН.

Бульбасховішча на 20 тысяч тон будзе пабудавана на Талачынскім кансервавым заводзе. Гэта прадпрыемства выпускае віны, паўфабрыкаты для бульбы-фры, крухмал і іншую прадукцыю.

Праграма стварэння касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання — гэта першы беларускі праект сістэмнага ўзроўню ў касмічнай сферы. У рамках гэтай праграмы навуковае прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» супрацоўнічае з Расіяй, Венесуэлай, Казахстанам, Індыяй, Вʼетнамам і іншымі краінамі.

У яе арбітальным сегменце выкарыстоўваюцца Беларускі касмічны апарат высокай разрознасці і замежныя спадарожнікі нізкай і сярэдняй разрознасці, удакладняе «Спутнік».

Nashaniva.com