Польшча прымяняе беспілотнікі Bayraktar для аховы мяжы з Беларуссю

У панядзелак у акаўнце польскага Генштаба ў сетцы Х было апублікавана паведамленне, што святы праходзяць на мяжы з Беларуссю досыць спакойна.

28.12.2023 / 12:58

Польшча прымяняе беспілотнікі Bayraktar TB2 для аховы мяжы з Беларуссю, паведаміў reform.by.

«Салдаты польскага войска, зарэгістравалі толькі некалькі інцыдэнтаў на кантраляваным участку», — гаварылася ў паведамленні штаба.

Świąteczny czas na - granicy mija dość spokojnie.

Żolnierze #WojskoPolskie odnotowali tylko kilka incydentów na kontrolowanym odcinku.

Dbamy o wspólne bezpieczeństwo pic.twitter.com/ii2gNK4QMv

— Sztab Generalny WP (@SztabGenWP) December 25, 2023

Да яго прыкладаўся відэазапіс, відавочна зроблены беспілотнікам. Польскае выданне WP Tech расцаніла яго як пацверджанне выкарыстання дронаў Bayraktar TB2. У публікацыі Генштаба ніяк не згадваўся тып беспілотніка, які выкарыстоўваецца. Аднак фрагменты інтэрфейсу, якія можна ўбачыць на запісе, сапраўды нагадваюць інтэрфейс, які дэманструецца ў прэзентацыйных роліках Baykar Tech.

У 2021 годзе Польшча заключыла кантракт з Baykar Tech на пастаўку 24 дронаў і 12 станцый кантролю да іх. Пастаўка ідзе партыямі па шэсць беспілотнікаў. Першую партыю з шасці дронаў і станцый кантролю польская армія атрымала ў канцы 2022 года. З тых часоў дастаўлены яшчэ дзве. Завяршэнне кантракту чакаецца ў 2024 годзе.

Bayraktar TB2 — турэцкі ўдарны аператыўна-тактычны сярэдневысотны БПЛА з рухавіком унутранага згарання і паветраным вінтом штурхальнага тыпу. Можа знаходзіцца ў паветры ад 12 да 24 гадзін, максімальная далёкасць кіравання — да 120 км. Можа несці чатыры кіраваныя боепрыпасы (бомбы ці ракеты). Добра зарэкамендаваў сябе ў канфліктах апошняга часу. Увесну мінулага года неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну актыўна ўжываўся ўкраінскім бокам супраць расійскіх сіл. Аднак пазней згадкі пра ўжыванне Bayraktar TB2 ва Украіне сталі сустракацца радзей.

Nashaniva.com