Кітайцы аглядалі пляцоўку пад майнінг-ферму ў Гродзенскай вобласці
У Свіслач прыязджалі кітайскія інвестары, якія шукаюць пляцоўку для майнінгу крыптавалют. Яны сустрэліся са старшынёй Свіслацкага райвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім і яго намеснікам, які курыруе пытанні эканомікі, заўважыла выданне Hrodna.life.
28.12.2023 / 14:27
Кітайскія інвестары разглядаюць месцы ў Свіслацкім раёне, дзе можна пабудаваць майнінгавую ферму для здабычы крыптавалюты. Фота: svisgaz.by
У Свіслацкім раёне інвестары агледзелі пляцоўкі, дзе можна пабудаваць майнінг-ферму. Дэталяў сустрэчы не раскрылі, але не сакрэт, што беларускія ўлады апошнім часам больш гавораць аб прыцягненні ў краіну крыптавалютных здабытчыкаў.
Улады хочуць больш майнінг-ферм у Беларусі
Міністэрства энергетыкі, «Белэнерга» і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зацікаўлены ў павелічэнні колькасці ферм для майнінгу крыптавалюты ў краіне. У тым ліку і таму, што беларуская эканоміка не спажывае ўсе тыя абʼёмы энергіі, якія вырабляюцца пасля запуску БелАЭС.
Беларускія ўлады вельмі хочуць прыцягнуць у краіну майнераў, расказаў намеснік кіраўніка МАРГ Іван Вежнавец на канферэнцыі па крыптавалютах, якая прайшла ў Мінску ў снежні 2023. Для гэтага інвестарам прапануюць вялікія скідкі на электрычнасць. Буйны майнер можа атрымаць скідку каля 30% па тарыфе на электраэнергію, калі заключыць з «Белэнерга» дамову, па якой ферма абавязаная спажываць мінімум 15 млн кВт·г на год.
Хоць у Беларусі майнінг, а таксама купля і продаж крыптавалюты фізічнымі асобамі ў асабістых мэтах дазволены, будаваць на гэтым бізнэс фізічным асобам нельга. У МУС нават прапрацоўваюць магчымасці забараніць усе ўгоды з крыптавалютамі для фізічных асоб. І хоць пакуль фізічным асобам займацца майнінгам у асабістых мэтах можна, для легальнага бізнэсу ў гэтай сферы трэба стварыць юрыдычную асобу.
Колькі майнінг-ферм у Беларусі цяпер
Гендырэктар канцэрна «Белэнерга» Павел Дрозд расказаў Tochka.by, што сёння ў Беларусі працуюць дзве буйныя фермы па здабычы крыптавалюты — на пляцоўцы Бярозаўскай ДРЭС і на Мінскім заводзе шасцерняў. Такія буйныя спажыўцы вельмі выгадныя канцэрну, бо выкарыстоўваюць вялікія абʼёмы энергіі кругласутачна і без выходных.