Аляксей Бацюкоў з Магілёва расказаў пра арышты КДБ, суткі ў ізалятары і спробы вербавання

Аляксея Бацюкова цягам 2023 году двойчы затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер ён выехаў з краіны і расказаў Радыё Свабодзе пра свае затрыманні і досвед размоваў з супрацоўнікамі КДБ.

28.12.2023 / 14:32

Аляксей Бацюкоў дзесяць гадоў адпрацаваў дырэктарам Музея гісторыі Магілёва. Ён таксама вядомы як журналіст і пісьменнік. За час працы Бацюкоў папоўніў калекцыю музея такімі каштоўнымі артэфактамі, як арыгінальнае выданне Статута ВКЛ 1588 году і іншымі рэдкімі кнігамі.

Свабода паразмаўляла Аляксеем Бацюковым пра падзеі, якія адбываліся з ім у апошнія гады.

«Звольнілі ў самы змрочны час»

З Аляксеем Бацюковым былі знаёмыя многія магілёўскія чыноўнікі. У 2020 годзе дырэктар музея падтрымаў пратэст, атрымаў штраф за ўдзел у адной з акцый. А ўжо ў пачатку 2021-га яго звольнілі з працы.

«Звольнілі мяне вельмі проста — 6 студзеня 2021 года. Гэта было напярэдадні праваслаўнага Раства, самы змрочны час у годзе, калі нячыстыя сілы маюць найбольшую моц. У гэты дзень мне паведамілі, што са мной не будуць працягваць кантракт. Ён у мяне сканчаўся 17 лютага 2021 года. Роўна дзесяць гадоў я адпрацаваў. З таго часу і пачалося новае жыццё», — расказвае менеджар.

Звальнялі Бацюкова ва ўпраўленні культуры Магілёўскага гарвыканкама.

«У мяне тады яшчэ спыталіся: «Аляксей Мікалаевіч, а чаму вы не пытаецеся, чаму мы вас звальняем?« — «Мне і так усё зразумела», — адказаў я. На гэтым мы і скончылі».

Пасля гэтага Бацюкоў стаў фрылансерам — займаўся капірайтынгам, напісаннем тэкстаў. Быў запрошаны весці серыю гістарычных лекцый на youtube-канал 6TV.

«У людзей апухалі ногі, гэта было катаванне»

27 ліпеня 2023 году Аляксея Бацюкова ўпершыню затрымалі. Затрыманне адбывалася дома, і праводзілі яго супрацоўнікі КДБ.

«Мяне пасадзілі да суду на трое сутак. На судзе адпусцілі, бо быў няправільна складзены пратакол. Потым быў яшчэ адзін суд і таксама няправільна складзены пратакол. На трэцім судзе мне прысудзілі восем дзён адміністрацыйнага арышту, мне трэба было даседзець яшчэ пяць. На волю я выйшаў ці 28-га, ці 29 жніўня».

Пісьменнік расказвае, што ўмовы ўтрымання ў магілёўскім ІЧУ былі вельмі жорсткімі.

«На працягу ўсяго тэрміну нам не дазвалялі сядзець удзень — толькі стаяць і хадзіць. У людзей апухалі ногі, гэта было вельмі сур’ёзнае катаванне».

Прычынай арышту стала спасылка ў каментарах на выданне, якое лічыцца «экстрэмісцкім». Сама назва выдання не была экстрэмісцкай, але такім было лічбавае азначэнне канала, расказвае Аляксей.

«Забралі ноўтбук, тэлефон. Пабачылі, што я працую з рэсурсам mogilev.media. Гэта было падставай для допытаў. Супрацоўнікі КДБ паводзіліся ў цэлым нармальна, спакойна».

Пры гэтым Аляксей Бацюкоў гаворыць, што жадання пакідаць краіну ў яго не было нават пасля затрымання.

«Я ўпарта не хацеў выязджаць, для мяне гэта не было тэмай для абмеркавання і думак», — кажа ён.

«Мяне прымусілі на камеру патэлефанаваць Салаўёву»

Другім разам Аляксея Бацюкова зноў затрымалі дома, зноў КДБ. Гэта адбылося 5 снежня 2023 года.

«Гэтым разам было больш жорстка, з амапаўцамі, паклалі на падлогу. Потым адвезлі ў КДБ і дапытвалі да гадзіны начы. Зноў знайшлі ў фэйсбуку след ад нейкай падабайкі за 2020 год і зноў склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкай прадукцыі».

За час зняволення журналіста двойчы дапытвалі супрацоўнікі КДБ як сведку ў крымінальнай справе іншых людзей. На судзе ж Аляксею Бацюкову прысудзілі 15 дзён арышту.

«Калі мяне затрымалі, то нібыта затрымалі яшчэ шэсць чалавек. Іх прымушалі запісаць відэа. Са мной таксама запісвалі відэа. Ад мяне запатрабавалі, каб я са свайго тэлефона пазваніў Змітру Салаўёву (галоўны рэдактар праекту 6TV. — РС), і пісалі размову на дыктафон і камеру адначасова. Тыя кадры, якія потым паказвалі на магілёўскай тэлевізіі, гэта была якраз размова з Салаўёвым на камеру, а не нейкае праслухоўванне».

Аляксей расказвае, што Зміцер Салаўёў прапаноўваў яму эвакуацыю, але пісьменнік адмовіўся.

«Я сказаў, што не, бо спалохаўся таго, каб не прыехала нейкая эвакуацыйная брыгада, якую могуць таксама затрымаць. Ніякага працягу потым не было, мяне не выкарыстоўвалі як нейкага «жыўца«».

«Абняў родных і стаў выбірацца з краіны»

19 снежня, калі ў Бацюкова канчаўся 13-ы дзень арышту, яго зноў прывезлі ў КДБ.

«Там мне абвесцілі, што я праходжу ў якасці падазраванага ў крымінальнай справе паводле артыкулу 361-4 ч. 2 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасці«). Сказалі, што мяне чакае тэрмін да 7 гадоў. Пасьля гэтага вярнулі ў ІЧУ. Супрацоўнікі КДБ папярэдзілі, што ў дзень вызвалення я буду даваць паказанні ў Следчым камітэце».

Аляксей чакаў, што яго адразу арыштуюць пры вызваленні. Магчыма, зробяць гэта яшчэ ў сценах ІЧУ.

«А мяне чамусьці а першай гадзіне ночы проста выпусцілі. Ніякай падпіскі аб нявыездзе ці з патрабаваннем з'яўляцца на допыты не было. Абняў родных і стаў выбірацца з краіны».

«Сем дзён былі без верхняй вопраткі»

Аляксей Бацюкоў кажа, што другі раз на «сутках» усё ж дазвалялі сядзець удзень на падлозе.

«Усе астатнія абмежаванні такія самыя — без матраца, без падушкі, без нічога. Няма магчымасці памыцца, кантактаваць з роднымі, святло гарыць і ўдзень, і ўночы. Тры разы на дзень праверка з выхадам у калідор, два разы ўначы будзяць з патрабаваннем назваць свае прозвішчы».

Журналіст расказвае, што ў камеру да іх падсаджвалі хуліганаў, за іх парушэнні дысцыпліны каралі ўсю камеру.

«Аднойчы пазбавілі ўсіх рэчаў, якія перадалі родныя — зубной пасты, сухарыкаў, печыва, тапак. Дзён сем мы былі бязь верхняй вопраткі — толькі нагавіцы, майка, шкарпэткі. Ноччу пры гэтым было дастаткова холадна, людзі абдымаліся з батарэяй. Бывала, што аддавалі адзін адному швэдры».

У камеры з Аляксеем сядзелі пераважна палітычныя вязні, даходзіла да васьмі чалавек.

«Усе «палітычныя» былі за рэпосты, падабайкі, каментары. Было некалькі чалавек, якія мелі пагрозу крымінальнага пераследу. Іх далейшага лёсу я не ведаю».

«Падпішаш дамову аб супрацоўніцтве»

Ці вербавалі Аляксея падчас арышту?

«Я не адчуў вербавання. Была размова, якая больш нагадвала маналог, чым дыялог. Мне сказалі: «Вось неўзабаве ты прыедзеш у КДБ, падпішаш дамову аб супрацоўніцтве і мы будзем адпраўляць цябе па справах«. Такія размовы былі, але нічога мне ў рэальнасці не прапаноўвалі падпісваць».

У дзень затрымання Бацюкова выданне 6TV было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем».

«Mogilev.media — гэта асобны прадукт, ніяк не звязаны з 6TV. Потым жа мне паказвалі дакумент, дзе mogilev.media прызнаваўся падраздзяленнем 6TV. Гэта ўсё не так. Я наконт гэтага пратэставаў, але ўсё гэта ігнаравалася. Усё, у чым яны абвінавачвалі 6TV, аўтаматычна пераносілася і на мяне як на прадстаўніка mogilev.media. Іх найперш цікавілі фінансавыя пытанні».

Цяпер Аляксей Бацюкоў знаходзіцца ў бяспечным месцы.

«Народ у стане дэпрэсіі і злосці»

Былы дырэктар музея кажа, што асаблівай змены стаўлення ад людзей у дачыненні сябе не адчуў за апошнія тры гады.

«Людзі, якія паважалі, працягвалі паважаць. Падтрымка стала адчувальнай. Я часта сустракаў людзей на вуліцы, якіх я не ведаў, але яны лічылі сваім абавязкам падысці да мяне і выказаць словы падзякі, паціснуць руку. З чыноўнікамі я асабліва не перасякаўся, але засталіся і чыноўнікі, і былыя чыноўнікі, якія працягвалі добра ставіцца».

Што тычыцца агульнай атмасферы ў Беларусі і Магілёве, то пісьменнік характарызуе яе так:

«Народ прыгнечаны, спалоханы. Людзі злыя, нават крымінальнікі ў турме надзвычай злыя: яны бачаць усю несправядлівасць, што робіцца. Я б сказаў, што народ разагрэты. Пры гэтым у стане такой дэпрэсіі і злосці».

Nashaniva.com