Як вальсіравалі Дзмітрый Баскаў і Наталля Эйсмант на навагоднім балі Лукашэнкі

Многія ўдзельнікі, асабліва жанатыя, ведалі, што іх здымае камера, і таму вальсіравалі партнёрш выцягнутымі рукамі, на дыстанцыі ў некалькі міністэрскіх жыватоў. Але была пара, якая дэманстратыўна не пераймалася цяжкімі паслябальнымі размовамі. Дзмітрый Баскаў трымаў у сваіх руках Наталлю Эйсмант упэўнена, нібыта клюшку на хакейным катку. Раней яны распівалі таннае віно ў мінскіх дварах, а пранікнёна танцуюць венскі вальс на прыёме ў Лукашэнкі.

28.12.2023 / 18:05

Калі б на безыменным пальцы прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі быў шлюбны пярсцёнак, ён бы раскідваў па залі сонечных зайчыкаў, таму што Баскаў ззяў сафітам, мадэллю артаданталагічнай вітрыны.

Бясшчылінная сукенка прэс-сакратаркі не давала пальцам хакеіста зачапіцца, як прадпісвае этыкет вальса, у раёне лапаткі, таму далонь саслізвала да той мяжы, на якой прыстойная жанчына ўжо машынальна чырванее.

А ў найбольш трапяткія моманты тацна паміж целамі партнёраў не ўціснулася б і ПР-73.

Пара Баскаў-Эйсмант з’явілася ў відэа «Пула першага» столькі ж раз, колькі і арганізатар мерапрыемства — 5.

Буйныя планы Эйсмант калі і не адбірала, па праве начальніцы, асабіста, то дакладна пераглядала і адабрала на публікацыю ў «Пуле першага».

Інтрыган убачыў бы ў гэтым нейкі знак, тым больш муж дамы — будучы дэпутат Мінгарсавета Іван Эйсмант, — таксама пярсцёнак на руцэ насіць перастаў, саступаючы дарогу сенатару Баскаву.

Nashaniva.com. Скрыншоты: тэлеграм канал «Пул першага», відэа Белта